Мытнікі затрымалі ўвесь наклад "Народнай Волі"

Радыё Свабода На расейска-беларускай мяжы затрыманы наклад першага і другога нумароў “Народнай Волі” ў 2006 годзе.
Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, сёньня ў Смаленскай друкарні накладам 27 тысячаў асобнікаў быў надрукаваны 8-палосны нумар незалежнай газэты (два нумары ў адным).

Пры перасячэньні расейска-беларускай мяжы супрацоўнікі аддзелу кантрабанды мытнай службы затрымалі ўвесь наклад, спаслаўшыся на тое, што адзін з суправаджальных дакумэнтаў ня быў аформлены належным чынам. Іосіф Сярэдзіч не выключае гэтага, паколькі Смаленскі паліграфічны камбінат цяпер не працуе на поўную моц у сувязі з навагоднімі вакацыямі. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” зьвязаўся з кіраўніцтвам Смаленскай друкарні з тым, каб яны пацьвердзілі супрацоўнікам міліцыі, што тут няма ніякіх парушэньняў закону.

Паводле Іосіфа Сярэдзіча, наклад “Народнай Волі” цяпер знаходзіцца ў Дубровінскім аддзелу міліцыі, супрацоўнікі якога запэўнілі, што як толькі паступіць пацьверджаньне са Смаленскай друкарні (чакаецца, што гэта будзе раніцай), наклад газэты будзе вернуты.