Артур Фінькевіч чакае другога суду

Алег Грузьдзіловіч, Менск Справа актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча перададзеная ў суд. Сувязь з палітвязьнем Андрэем Клімавым зноў прыпынілася. Зьмітру Дашкевічу засталося быць за кратамі тры месяцы. Аляксандр Казулін пачуваецца дрэнна, кажуць сваякі вязьня.
Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч па-ранейшаму знаходзіцца ў магілёўскай турме. Тым часам справа Фінькевіча завершаная і перададзеная ў суд, паведаміла знаёмая актывіста Людміла Атакулава. Вось што Людміла паведаміла для “Радыё Свабода”:

“У панядзелак ён бачыўся з адвакаткай, яны вывучалі матэрыялы справы. Дарэчы, справу ўжо перадалі ў суд і прызначылі судзьдзю, якая будзе весьці працэс. Яе прозьвішча Крачак. Паводле зьвестак, працэс пачнецца недзе праз два тыдні”.

Паводле Людмілы Атакулавай, Артур ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня.

Нагадаю, актывіста абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня. Ранейшы прысуд, два гады хіміі, Артур Фінькевіч атрымаў за палітычныя графіці. Зараз актывісту пагражае яшчэ да трох гадоў зьняволеньня. Між тым ужо ў сьнежні Артур Фінькевіч мусіў выйсьці на волю.

Забралі нататнік, таму што там ёсьць мапа сьвету

На гэтым тыдні адбылося спатканьне Аляксандра Казуліна з жонкай, дочкамі і ўнукам. Апошні раз палітвязень бачыўся са сваякамі ажно ўлетку. Паводле Вольгі Казулінай, яе бацька адчувае сябе ня лепшым чынам: у яго баліць галава, ён слабы настолькі, што ня ў стане займацца фізычнымі практыкаваньнямі. Аднак былы кандыдат на прэзыдэнта ні на што ня скардзіцца і працягвае выконваць сваю працу: штодня ён выдае вязьням кнігі з турэмнай бібліятэкі, якую папоўнілі навінкамі ягоныя сваякі і аднадумцы зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Вольга Казуліна распавяла пра тое, што напярэдадні спатканьня яе, сястру Юлю і сына Ўлада абшукалі міліцыянты. Вось што Вольга распавяла пра вынікі ператрусу.

“Забралі нажы, забралі мой нататнік. Чысты нататнік! Я спытала, чаму? Аказваецца, таму што там ёсьць мапа сьвету. Бачыце, якое глупства на кожным кроку!”

Нагадаю, Аляксандр Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта адбывае ў віцебскай калёніі. За кратамі спадар Казулін ужо паўтара году.

Зьміцер Дашкевіч мусіць выйсьці на волю праз тры месяцы. Лідэра “Маладога фронту” асудзілі на паўтара года зьняволеньня і трымаюць ў Шклоўскай калёніі. У апошнім лісьце дамоў актывіст на здароўе і ўмовы не скардзіўся.

Чаму зноў маўчыць Андрэй Клімаў?

Нечакана зноў абарвалася сувязь з Андрэем Клімавым, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета, якога трэцім разам зьмясьцілі за краты. Нагадаю, палітыка пакаралі за артыкул у інтэрнэце. Два тыдні таму зьявіліся зьвесткі пра перасьлед Андрэя Клімава ў Мазырскай турме. Гэтыя зьвесткі абверглі ў адміністрацыі калёніі, а вось сваякі паведамляюць, што Андрэй Клімаў тэму рэпрэсіяў у турме ў сваіх апошніх лістах абышоў. З таго часу зьвестак ад палітвязьня не было болей за тыдзень.

Партыя А.Казуліна ўхваліла плян дзейнасьці па вызваленьні свайго старшыні, 30.11.2007 Аўтарам ліста ў падтрымку Клімава пагражаюць судом, 26.11.2007 Заўтра Аляксандру Казуліну спаўняецца 52 гады, 24.11.2007 Завяршылася расьсьледаваньне справы другой справы Артура Фінькевіча, 20.11.2007