Цытаты мінулага: “Ні відно і варон. Немцы ядуць іх самі і раюць людзям есьці”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 8 лістапада ў розныя гады мінулага.
“Вольная Беларусь” у 1917 годзе піша з акупаваных немцамі ўсходніх тэрыторый: “Немцы пазабівалі сабак і катоў. У Вільні ні ўгледзіш сабакі. Зрабілі яны гэта с тэй прычыны, што сабак і катоў трэба карміць. Ні відно і варон. Немцы ядуць іх самі і раюць людзям есьці, а хто ні хоча, той павінян іх забіваць і прысылаць да ўправы, гдзе плацяць 25 кап. за маладую, 13 кап. за старую варону. Заведзяна асобная манэта, — так сама рублі, капейкі, але маюць іншы выгляд; напісы на грашах — па-нямецку, па-руску, па-польску, па-літоўску, па-беларуску ні відно”.

“Беларуская Крыніца”, год 1927. Газэта паведамляе з Прагі аб прыезьдзе туды пісьменьніка Зьмітра Жылуновіча: “На пытаньне прыйшоўшых на даклад Жылуновіча, што зрабілі з Францішкам Аляхновічам? — тав. Жылуновіч адказаў: “Ня ведаю!” Тады сарваўся адзін з прысутных студэнтаў і востра сказаў: “Калі Пушкіна высылалі, то Лермантаў ведаў, калі Максіма Горкага выдалілі з Акадэміі, то Чэхаў і Бунін нешта рабілі, а калі Фр.Аляхновіча асудзілі, то Цішка Гартны кажа “Ня ведаю!” Ганьба!” Тады Жылуновіч “паясьніў”: “Ну, мы яго ўсунулі...”

На старонках “Культуры” на гэтым тыдні 1997 году прафэсар Ніна Мячкоўская па выніках сымпозіюму славістаў у Браціславе піша аб запазычаных словах: “Вось рэкламуюць фітнэс і бодыбілдынг. Што гэта? — Ды прыкладна тое ж, што пару гадоў таму звалася шэйпінг і культурызм, а шэйпінг — блізка да таго, што раней звалася аэробіка... Дзе зараз тая аэробіка? Ды прыкладна там жа, дзе праз пару гадоў будзе фітнэс. Мова сама пазбаўляецца ад славеснага смецця”.