Грамадзкі рэдактар наступнага тыдня – Валяціна Кудлацкая

Радыё Свабода Валянціна Кудлацкая закончыла тэатральнае аддзяленьне Магілёўскага вучылішча культуры з адзнакай. Другі дыплём – таксама “чырвоны” – атрымала далей завочніцай у Беларускім унівэрсытэце культуры. Жыве ў адным з самых аддаленых раёнаў краіны – у Верхнядзьвінску.
Напрыканцы 1990-х з-за сваёй грамадзянскай пазыцыі страціла працу. Уладкавалася ў страхавую кампанію толькі праз тры гады.

Валянціна прымала ўдзел у стварэньні хіба ці ня ўсіх новых недзяржаўных арганізацыяў у рэгіёне. Асаблівых высілкаў патрабуе ад яе кіраўніцтва шэрагам сацыяльна-гуманітарных праектаў.

Спадарыня Кудлацкая – сябра БСДП(Г).

Вось кароткае інтэрвію зь ёй:

“Чаму прамянялі родны Бабруйск на Верхнядзьвінск?”

“Пры разьмеркаваньні спакусілася прыгожым назовам гораду”.

“Не расчараваліся пасьля звальненьня, неўладкаванасьці?”

“Не шкадую. Дарэчы, неўладкаваным стаўся і мой сын – з-за маці адмовіліся браць на працу па спэцыяльнасьці сына, ён юрфак закончыў”.

“Які менавіта прэтэнзіі да вас?”

“Занадта заўважная: узначальвала ТБМ, Камітэт абароны працоўных, аб’яднаньне жанчын і гэтак далей”.

“Што менавіта?”

“Займаюся арганізацыяй замежнай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Яшчэ – аздараўленьнем дзяцей, навучаньнем азам самакіраўніцтва дэпутатаў, работнікаў ЖКГ, выпускала рэгіянальны дадатак да газэты “Рабочы”, зараз – спэцыяльны бюлетэнь”.

“А партыйныя посьпехі?”

“На нядаўнім зьезьдзе прапаноўвалі стаць намесьнікам старшыні БСДП. Адмовілася: не люблю працаваць не напоўніцу”.