“Начная аБЛОГа” – 22 кастрычніка

Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва
Чытачы "Нашай нівы" абмяркоўваюць сытуацыю наконт рэакцыі Ізраілю на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў. Ён заявіў, што Бабруйск быў “сьвінушнікам” і “ў асноўным габрэйскім горадам”. Ізраільскія ўлады палічылі выказваньні антысэміцкімі, а прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Ізраілю заявілі: так гаворыць толькі прэзыдэнт Ірану. Меркаваньні чытачоў “Нашай нівы”:

“Вось ход дык ход. Немцы ж і астатнія пра Гітлера праглынулі. Габрэі ж пра сьвінушнік – не”.

“Палякаў падзяліў на чэсных і нячэсных. Цяпер яшчэ й габрэяў падзеліць”.

“Людзей на ўвесь сьвет абылгалі бруднымі сьвіньнямі, а яны абурыліся. Так і павінна быць сярод нармальных! Калі тутэйшым усё адно, як іх у сырыя землі заганяюць, дык можа хоць хто прыцягне ГЭТАГА да доказу за свае словы”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул з інтэрнэт-выданьня Naviny.by “Дабрабыт расьце, а беларусы ня радуюцца”. У артыкуле гаворыцца пра тое, што афіцыйная статыстыка росту дабрабыту насельніцтва ніяк не адпавядае рэальнай сытуацыі ў эканоміцы. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Сьвятая прастата! Здаецца, Бісмарк казаў, што існуе тры віды хлусьні: вялікая, маленькая й статыстыка. Што Гаспадар мінстату скажа, тое ён і палічыць”.

“Даляр ва ўсім сьвеце падае, а ў нас гэта ня ўлічваюць, абвяшчаючы статыстыку. За 14 год кіраваньня заробак са 150 да 320 даляраў? Толькі ўсяго? Пры тым, што кошты скокнулі ў некалькі разоў. А жытло ўжо набліжаецца да цэнаў ЗША. Гэта поўнае трызьненьне. І тое, што на заробак чалавек можа дазволіць сабе ўсё меней і меней – гэта факт”.

“Быў у Расеі, убачыў сымпатычныя рэчы: мужчынскія, дзіцячыя, жаночыя, па якасьці добрыя й па добрай цане. Выявіліся беларускімі. Быў зьдзіўлены – чаму ў нас іх няма на паліцах. Так і не сказалі мне, што за фабрыка”.

У гасьцявой кнізе афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму зьявіўся такі запіс (адрасат звароту не зусім зразумелы): “Проста крык душы. Шаноўны Прэзыдэнт, прашу вас ад імя сьвядомай і патрыятычнай моладзі зьвярнуць увагу на падзеньне маральнай сытуацыі ў краіне. Мне падаецца, што трэба скарыстаць ня толькі таленты, але й хібы моладзі. Прашу вас стварыць (і апублікаваць у мэдыях) рэсурс, дзе МАЛАДЫЯ людзі маглі б аформіць і абмеркаваць свае ідэі ў справе аздараўленьня палітычнай (кіраванай), сацыяльнай (маральнай) ды іншых сфэраў сучаснага жыцьця. Проста, на маю думку, трэба ўздымацца з каленяў... Студэнт 4 курсу Эканамічнага ўнівэрсытэту, фінансіст”.

У сеціве зьявіўся новы рэсурс – віртуальны літаратурны часопіс “Літраж”. На сайце зьмешчаныя тэксты беларускамоўных і расейскамоўных аўтараў: Васіля Барысюка, Ірыны Дашынай, Уладзімера Глазава, Сяргея Прылуцкага ды ягонага двайніка Сярожы Пістончыка, Марка Каца й Макса Шчура. “Наша літаратура пакуль пустая, як кілішак. Задача кожнага – напоўніць яго адмысловым напоем. Ён можа быць больш або менш моцным, але галоўнае тут – каб біў па мазгох. Мы – выпадковая сумесь невыпадковых людзей", – такую прадмову зьмяшчае на сайце рэдкалегія часопісу.

У суполцы Жывога Журналу lulu_gov_by зьявіўся плякат да новага фільму “Газавыя войны”. Аўтары плякату анансуюць прэм’еру новага кінашэдэўру, якая адбудзецца ў сьнежні 2007 году і якую можна будзе ўбачыць на экранах тэлепрымачоў. Пэрсанаж зь фільму, выяўлены на плякаце, нечым нагадвае кіраўніка Беларусі.