Ці пойдзеце вы на “Эўрапейскі марш”?

Алесь Дашчынскі, Менск Ці пойдзеце вы на “Эўрапейскі марш”, які адбудзецца ў Менску 14 кастрычніка? І чаму? Такое апытаньне наш карэспандэнт правёў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.
Спадарыня: “Абавязкова пайду. Нешта трэба мяняць у нашым жыцьці. Час прыйшоў. Спадзяюся, што выйдзе многа людзей і зможам нешта памяняць”.

Маладзён: “Наўрад ці на яго пайду. Ну, проста яшчэ давучыцца трэба ва ўнівэрсытэце. Вы самі ведаеце, што могуць паслаць куды-небудзь далей за гэта з навучальнай установы”.

Юнак: “Напэўна, пайду, бо я супраць цяперашняга стану нашай краіны”.

Студэнт: “Сэнс гэтага маршу? Пакуль што вучуся ва ўнівэрсытэце і не лічу, што мая справа займацца палітыкай. Трэба давучыцца, а потым будзем прасоўваць эканоміку нашай краіны”.

Маладзён: “У Эўропу — гэта добра, гэта трэба. Але, можа, маршам гэтага не даб’есься. Хаця, у прынцыпе, таксама патрэбна”.

Юнак: “Пэўна, пайду. Я ня веру, што гэты марш цяпер нешта памяняе — пакуль мэнталітэт людзей не памяняецца, тут нічога не адбудзецца. А вялікая колькасьць людзей — гэта вялікі час. А чакаць ня хочацца, хочацца жыць цяпер”.

Спадар: “Няхай ходзяць маладзейшыя. Цяпер людзі не асабліва зацікаўленыя, ня хочуць нармалёва жыць. Чаго я буду хадзіць за некага?”

Юнак: “Не, не пайду. Баюся”.

Спадарыня: “Я лічу, што гэта малаэфэктыўнае мерапрыемства”.

Дзяўчына: “Не, бо за такое нас выганяюць з каледжу. Проста сказалі, што гэта забараняецца”.

Юнак: “Я патрыёт. Я паважаю нашу беларускую мову. Абавязкова трэба ісьці. Трэба змагацца за сваю незалежнасьць. Каб было лепш, трэба нешта рабіць для гэтага”.