На берасьцейскім прадпрыемстве “Інкафуд” 220 чалавек страцілі працу

Радыё Свабода, Берасьце Як паведаміў былы супрацоўнік гэтага прадпрыемства Сяргей Аблам, на прадпрыемстве “Інкафуд” масава скарачаюць працаўнікоў.
“Было тры зьмены — дык трэцюю зьмену прыбралі. Адмянілі працу ў выходныя. Каля траціны пэрсаналу звольнілі”, — апавёў спадар Аблам.

“Інкафуд” займаецца мясаперапрацоўкай. Гэта замежнае прадпрыемства, рэзыдэнт Свабоднай эканамічнай зоны “Берасьце”. 90 адсоткаў прадукцыі фірма экспартуе ў Расею і Ўкраіну.

Першы намесьнік дырэктара “Інкафуд” Міхал Таргоўцаў пацьвердзіў, што зь вясны звольнілі 220 чалавек.

Праблемы прадпрыемства Міхал Таргоўцаў патлумачыў найперш рашэньнем ураду забараніць імпарт мяса (рашэньне прынялі сёлета ў сакавіку).

Беларускае мяса на 20—30% даражэйшае за польскае ці бэльгійскае. Як вынік, фірма не вытрымлівае канкурэнцыі з расейцамі.