“Мэсія” вярнуўся на беларускую канцэртную сцэну

Юлія Шарова, Менск 5 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі прагучала араторыя Георга-Фрыдрыха Гендэля “Мэсія” – твор, які вельмі часта выконваецца ў Эўропе, але надзвычай рэдка цалкам гучыць у Беларусі. Пастаноўку ажыцьцявіў дырыгент Пётр Вандзілоўскі разам са сваім Камэрным аркестрам. Сярод выканаўцаў таксама Дзяржаўны камэрны хор і салісты Беларускай опэры. Генэральную рэпэтыцыю “Мэсіі” сёньня наведала наша карэспандэнтка.
Апошнім разам араторыя “Мэсія” цалкам гучала ў Менску 15 гадоў таму. З тых часоў пэўныя ўрыўкі з твору гралі й сьпявалі розныя калектывы і выканаўцы, але сабрацца ды сыграць усё разам ад пачатку да канца вырашылі толькі цяпер. Пётар Вандзілоўскі, мастацкі кіраўнік і дырыгент Дзяржаўнага камэрнага аркестру, апавядае пра сваё ўспрыняцьце музыкі Гендэля:

Вандзілоўскі: “Апроч таго, што яна аб’ектыўна прыгожая – там прыўкрысныя мэлёдыі, – яна напісаная з аднаго боку для шырокага кола слухачоў таго часу нават – гэта 300 гадоў таму. Яна дэмакратычная й даступная, але разам з тым яна не банальная. Яна вельмі паглыбленая, і ў ёй геніяльнасьць кампазытара відавочная”.

Сам дырыгент мае вялікі досьвед выкананьня “Мэсіі” – у Эўропе, зь іншымі аркестрамі. Гэта дазволіла яму абраць аптымальную, зь ягонага пункту гледжаньня, манеру – лёгкі й няжорсткі гук, які дазваляе дакладна адчуць усю прыгажосьць барокавай паліфоніі, але разам з тым запаўняе няпростую ў акустычным сэнсе залю Белдзяржфілярмоніі.

Аднак на ашаламляльны посьпех “Мэсіі” ў беларускай шырокай публікі маэстра Вандзілоўскі не разьлічвае і тлумачыць, чаму араторыю выконваюць у Менску гэтак рэдка:

Вандзілоўскі: “Мяркую, што наш культурны асяродак ідзе крыху па іншым шляху разьвіцьця. І гэтая музыка выявілася па-за полем увагі, нягледзячы на тое, што гэта безумоўны шэдэўр”.

Тэнар Рыгор Палішчук, вядомы канцэртны і опэрны сьпявак, таксама зьвяртае ўвагу на недастатковую запатрабаванасьць такой музыкі ў беларускіх канцэртных залях:

Палішчук: “Тут ёсьць, мне падаецца, пэўная віна й Міністэрства культуры, бо цяпер чамусьці незразумела зь якіх прычынаў усе сродкі ды высілкі скіраваныя на суцэльную эстраду. Прычым не на найлепшую эстраду. Эстрада – гэта і джаз, і рок, і іншыя розныя жанры. А тут, прабачце, адна танная папса й нічога болей. А гэта, мякка кажучы, зводзіць інтэлект нацыі ў нуль”.

Са словаў спадара Палішчука, беларускія выканаўцы прызвычаіліся арыентавацца на сярэдняга слухача, які ў клясычнай музыцы прызнае толькі шлягеры, кшталту куплетаў Герцага з “Рыгалета”. Таму прафэсійныя музыканты таксама ня хочуць ісьці ў непапулярным кірунку, кшталту барокавай музыкі.

Развагі працягвае салістка Беларускай опэры, сапраністка Тацяна Гаўрылава:

Гаўрылава: “На маю думку, нам трэба ў нашай краіне прапагандаваць як мага болей барокавую дый увогуле клясычную старадаўнюю музыку, бо яна ня вельмі ў нас цяпер у модзе ў адрозьненьні ад Захаду, дзе цяпер проста бум барокавай музыкі. І мне хацелася б, каб слухач пранікнуўся гэткай жа любоўю, гэткай жа цікаўнасьцю да гэтай музыкі. Хоць мушу сказаць, што ў паасобку “Мэсія” Гендэля – гэта крыху эстэцкі твор, і яно даволі складаным будзе для простага слухача, які хацеў бы першапачаткова азнаёміцца зь нейкай барокавай музыкай”.

Беларуская філярмонія шукае тэнара, 12.09.2007 Ва Ўроцлаве завяршыўся Фэстываль беларускай культуры, 11.06.2007