У Палату прадстаўнікоў перадалі больш за 40 тыс. подпісаў грамадзянаў

Любоў Лунёва, Менск Каля двух дзясяткаў чалавек, прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, перадалі подпісы грамадзянаў супраць скасаваньня льготаў у Палату прадстаўнікоў. Спэцназаўцы перашкаджалі прайсьці ў будынак лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і Валянціне Палевіковай. Апазыцыянэры, аднак, упэўненыя, што дэпутаты не абмяркуюць просьбу дзясяткаў тысяч грамадзянаў.
На менскай плошчы Незалежнасьці за дзьве гадзіны да пачатку працы сэсіі Палаты прадстаўнікоў зьявіліся кіраўнікі Менскай міліцыі і спэцслужбаў.

А дзясятай раніцы некалькім рэгіянальным актывістам дэмакратычнага руху, якіх спэцназаўцы ня ведалі ў твар, удалося прайсьці ў будынак Дому ўраду, каб перадаць подпісы грамадзянаў супраць скасаваньня льготаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

А.Лябедзька: “Якая краіна — такі й парлямэнт”

Праз паўгадзіны да іх далучыліся яшчэ некалькі чалавек, але калі на плошчу выйшаў Анатоль Лябедзька, спэцназаўцы ўтварылі жывы ланцуг і перакрылі яму шлях.









Потым па рацыі прагучала каманда “Прапусьціць” — і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі разам з Валянцінай Палевіковай і Сяргеем Калякіным прайшлі ў будынак.

Анатоль Лябедзька ў Доме ўраду запатрабаваў кнігу скаргаў:

“Якая краіна — такі й парлямэнт. Мне сорамна, бо я тут шэсьць гадоў адпрацаваў. Тады ў галаву б нікому не прыйшло не пускаць людзей у будынак. Тое, што сёньня адбываецца, папросту ганебна.

Напісалі, што частку людзей фізычна не пусьцілі, парушылі іх канстытуцыйныя правы. Чатыры скаргі ў кнізе азначаюць толькі адно — нікому яны не патрэбныя. Мы напісалі цяпер тэксту значна больш, чым там за тры гады”.

“Будзем чакаць, што далей”

Сацыяльныя пікеты, збор подпісаў грамадзянаў у Палату прадстаўнікоў і пачатак працэдуры адкліканьня некаторых дэпутатаў — усё гэта частка падрыхтоўкі да “Сацыяльнага маршу”.

Старшыня аргкамітэту Валеры Ўхналёў паведаміў “Свабодзе”:

“Ім не хапае розуму, бо вось гэты ланцуг стаіць са спэцназаўцаў, бо яны ўчынілі бойку зь Лябедзькам, не пускалі яго... Калі б улада была б разумнейшая, то зразумела, што прайшлі ўсе, хто жадаў прыйсьці да дэпутата за пяць хвілінаў.

Аддалі б усе тыя подпісы, якія яны сабралі. Якім чынам бы рэагавалі дэпутаты — гэта ўжо іншая справа. Будзем чакаць, што далей”.





Прадстаўнікі апазыцыі ня вераць, што лісты з подпісамі агучаць на сэсіі

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС перадалі подпісы не асобна дэпутатам, а ў камісію.

Сярод іх быў Васіль Сіліверст з Гомельшчыны:

“Вельмі шмат пытаньняў, якія тычацца нас, чарнобыльцаў. Фактычна, гэта вырашэньне нашага жыцьця і нашай сьмерці”.

Аляксандар Ваўчанін з Барысава дадаў:

“Гэтае пытаньне трэба вырашаць, бо сёньня Беларусь — адзіная краіна, дзе адмененыя ўсе кампэнсацыі і льготы. Трэба й міжнародны статус ліквідатара наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта катастрофа ўсясьветнага маштабу, і мы абаранялі ня толькі Беларусь, але і ўвесь сьвет”.



Прадстаўнікі апазыцыі ня вераць, што лісты з подпісамі грамадзянаў і патрабаваньнем не забіраць льготы агучаць на паседжаньні сэсіі. Але апазыцыянэры будуць зьбіраць подпісы і далей, каб мець аргумэнты для зьмены сацыяльнай палітыкі ў краіне.

Апазыцыянэры панясуць сабраныя подпісы ў Палату прадстаўнікоў, 2.10.2007 У Менску затрыманыя рэгіянальныя актывісты, 1.10.2007