Берасьце: каб застацца на працы, трэба пакінуць Свабодны прафсаюз

Радыё Свабода Сёньня ў Берасьцейскім унівэрсытэце імя Пушкіна першы прарэктар Ганна Сэндзер гутарыла зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу.
Як паведаміў Радыё Свабода старшыня суполкі Валянцін Лазарэнкаў, выкладчыкам прапанавалі падумаць пра тое, што неўзабаве іх будуць абіраць на пасады — і каб застацца на працы, трэба выйсьці са “Свабоднага прафсаюзу”.

“Гутаркі ў кабінэце першага прарэктара — гэта “падарунак” выкладчыкам да Дня настаўніка, — адзначае сп. Лазарэнкаў, — раней з унівэрсытэту звольнілі сябраў “Свабоднага прафсаюзу” Анатоля Ляўковіча, мяне, Ігара Маслоўскага”.

Суразмоўца паведаміў: калі не было ўціску з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту, то ў суполцы “Свабоднага прафсаюзу” было амаль сто чалавек. Нядаўна яшчэ чатыры выкладчыкі змушаныя былі спыніць сяброўства ў Свабодным прафсаюзе.

І сёньня ж старшыня суполкі Валянцін Лазарэнкаў накіраваў адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі. У прыватнасьці, ён пытаецца, ці такія гутаркі праводзяцца зь ініцыятывы альбо санкцыі міністра Аляксандра Радзькова.