“Чорная метка” дэпутату Адашкевічу

Віталь Сямашка, Віцебская вобласьць На Талачыншчыне ды Аршаншчыне дэмакратычныя актывісты сфармавалі ініцыятыўную групу, што пачне збор подпісаў за адкліканьне дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, намесьніка старшыні камісіі ў правох чалавека, нацыянальных адносінах ды СМІ Ўладзімера Адашкевіча.
Паводле старшыні ініцыятыўнай групы, сябры ПКБ Мікалая Петрушэнкі, колькасьць групы да паўтары сотні чалавек, як і патрабуе дзейнае заканадаўства. З афіцыйнай рэгістрацыяй вырашылі пакуль не сьпяшацца, маючы на ўвазе наваполацкі вопыт, дзе аналягічнай акцыі не далі разгарнуцца. Гаворыць спадар Петрушэнка, які пражывае ў пасёлку Коханава:

“Адашкевіч атрымлівае гэту “чорную метку” таму, што вельмі ўзрушаныя выбарцы, як лёгка ён прагаласаваў за рашэньне аб скасаваньні льготаў для студэнтаў, дзяцей і вэтэранаў. А мясцовая ўлада ўспрыняла гэта як каманду: “Фас!” Вось бабулька старэнькая Васільлева Галіна Васілеўна застаецца без цяпла – ад цеплатрасы яе тут жа адрэзалі. Пячурку зрабіць яна ўжо ня ў стане...”

80-гадовы вэтэран вайны ды працы, інвалід другой групы спадар Канюшка рашэньне аб адмене льготаў таксама адчуў напоўніцу. Да дэпутата Адашкевіча зьвяртаўся неаднаразова. Ягоная хата знаходзіцца за два зь нечым кілямэтры ў баку ад цеплатрасы.

“Пісалі яму, дык адказу няма, – кажа Іван Сямёнавіч. – У канцы траўня ЖКГ паведаміла, што наогул адключыць ад цэнтральнай кацельнай. Дамоў няма, трубы не таго дыямэтру, уцепленыя дрэнна. Ой, у Менск многія пісалі, дык адказваюць: “Адкажуць у Віцебскім аблвыканкаме”. Асноўны іх упор – цяпер без ільготаў, рабіце сабе газ самі, за свой рахунак. Як палічылі, дык за галовы ўзяліся: мы ня ў сілах, няма такіх сродкаў!”

Пра сваё жаданьне зьбіраць подпісы публічна заявіў 43-гадовы Сяргей Макееў. Вось ягоныя матывы:
”Адашкевіч атрымлівае гэту “чорную метку” таму, што вельмі ўзрушаныя выбарцы, як лёгка ён прагаласаваў за рашэньне аб скасаваньні льготаў.”
“Летам гэтага году каля былога спартыўнага лягера “Ніва” ў аўтадарожным здарэньні загінулі адразу чатыры хлопчыкі і дзяўчынкі. А дэпутат ад нашай акругі Адашкевіч нават не цікавіцца, чаму не арганізаваны адпачынак дзяцей. У пасёлку ж Коханава, дзе я жыву, больш як тры гады не працуе стадыён. Таму я падтрымліваю ініцыятыву адклікаць Адашкевіча з дэпутатаў. Свой подпіс ужо паставіў!”

Тэлефаную ў дэпутацкую прыёмную спадара Адашкевіча. Сакратарка кажа, што “шэф у адпачынку”, будзе толькі на адкрыцьці сэсіі. Але пасьля мяняе танальнасьць:

“Штосьці не падымае ён слухаўку – мо пазьней патэлефануйце...”

Наступны адказ на тэлефанаваньне быў прадказальны:

“Я пакуль не дазванілася, але калі раптам патэлефануе, я абавязкова гэтае пытаньне ўдакладню...”

Спадар Петрушэнка перакананы, што ініцыятыўная група ў стане сабраць некалькі тысяч подпісаў:

“Адашкевіч ніводнага разу не зрабіў справаздачу перад выбарцамі. Улада адвязе яго на нейкі завод паглядзець, але гэта не справаздача. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Я веру, народ наш ужо прачнуўся і зразумеў, як яго ашукала ўлада. Будзем даводзіць справу да канца!”