Канец цытаты: 22.09.2007 - 27.09.2007

Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.
“Чым мы так правініліся перад кіраўніцтвам Расеі, я ня ведаю, “Газпром” тут зарабляе, як кажуць, добрыя бабкі і нажываецца за наш кошт... Некаторым манапалістам гэтае зялёнае сьвятло зацьміла вочы і яны нічога ня бачаць акрамя грошай... “Газпром” сёньня на продажы газу ў Беларусь мае такую ж прыбытковасьць, як у Нямеччыне. Гэта азначае, з намі гандлююць газам як зь Нямеччынай. Канечне, цана для Нямеччыны за кубамэтар вышэй, чым для Беларусі. Але трэба ж улічваць і адлегласьць, з улікам якой відавочна, што “Газпром” яўна нажываецца на нашай краіне”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з выступу на фэстывалі “Дажынкі-2007” у Рэчыцы

“Калі параўноўваем лічбы з Заходняй Эўропай, тады разумеем, а калі не параўноўваем, тады пагаджаемся”.

Менчанка – на пытаньне “Свабоды” наконт ураджаю:“А вы разьбіраецеся, калі кажуць “столькі і столькі тон сабралі”, – гэта шмат ці няшмат?”

“Зацікаўленьне прыходзіць і сыходзіць. Калі быць вельмі шчырым, гэта нешта такое, што часам успыхвае, а пасьля згасае. Адным з самых цікавых зрухаў было пытаньне, якая цяпер мэта – дэмакратызаваць Беларусь альбо ціснуць на Расею. І калі зьяўляюцца першыя знакі таго, што паміж Лукашэнкам і Пуціным можа быць раскол у пытаньнях нафты і газу, некаторыя пачынаюць казаць, што калі ён супрацьстаіць Крамлю, тады мы павінны паўстрымацца ад некаторых іншых элемэнтаў”.

Нікалас Гвозьдзеў, супрацоўнік амэрыканскага аналітычнага "Цэнтру Ніксана" –пра стаўленьне Злучыных Штатаў да Беларусі

“Лукашэнка — звычайны дыктатар, які хоча захаваць свае пазыцыі й бачыць, што сьвет вакол яго зьмяніўся і ўскладніўся. І каб захаваць сваю ўладу, ці частку яе, ці перадаць яе сыну, ён павінен зразумець, што эўрапейскі кірунак разьвіцьця выгаднейшы пэрсанальна для яго, чым намэнклятурны пераварот, інсьпіраваны ФСБ. Бо ў другім выпадку ў яго шанцаў няма, яму пагражае палёній. Перад ім выбар паміж дэмакратызацыяй і палёніем. І мы яму кажам: “Аляксандар Рыгоравіч, вы ж, мусіць, не аддавалі пісьмовага загаду зьнішчаць людзей. Напэўна, ва ўсім вінаватыя, напрыклад, Паўлічэнка і Шэйман. Дык вырашыце гэтае пытаньне, а ўсё вашае застанецца з вамі”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” пра магчымасьць дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй

“Гэта спробы дробных правакацыяў з да канца не зразумелай мэтай. Мне падаецца, што яны самі ня ведалі, для чаго гэта робяць. Затрымаць за ўлёткі?.. Дык, прабачце мяне, на выхадзе з управы БНФ забірай Івашкевіча і садзі за арганізацыю... Чамусьці робяць на вуліцы нейкія засады. З боку ўладаў нейкая несур’ёзная пазыцыя — ні дыялёг, ні рэпрэсіі, а абы-што”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ – пра ягонае затрыманьне, у чаканьні судовага разбору

“А вось гэтымі падзеямі ўлады паказалі, што ніякі дыялёг немагчымы. Я скажу, што дыялёг, відаць, давядзецца весьці праз пракуратуру, суды і, магчыма, Міжнародны трыбунал”.

Ігар Рынкевіч, прадстаўнік прэсавай службы Аляксандра Казуліна, праваабаронца – пра магчымасьці дыялёгу ўлады з апазыцыяй у сьвятле затрыманьня В. Івашкевіча

“Эўразьвязу было б варта дапоўніць 12 умоваў 13-й: запрасіць Віктара Лукашэнку ў Кембрыджскі ўнівэрсытэт, каб ён атрымаў эўрапейскую адукацыю”.

Юры Хадыка, намесьнік старшыні БНФ – у перадачы “Праскі акцэнт”

“Сумная выснова – што няма ніякага паляпшэньня. Гэта адбываецца з многіх прычын, сярод якіх рост уплыву Расеі і памяншэньне палітычнай волі да рэформаў. Існуе пэўная заканамернасьць – там, дзе больш моцны ўплыў Эўразьвязу, мы бачым паляпшэньне. Там дзе павялічваецца расейскі ўплыў, сытуацыя з карупцыяй пагаршаецца”.

Міклаш Маршал, рэгіянальны дырэктар міжнароднай арганізацыі “Transparency International” па Эўропе і Цэнтральнай Азіі – пра дынаміку карупцыі ў пастсавецкіх краінах.

“Вось калі мы ня маем улады, думаем: “Так, карупцыя — гэта вельмі дрэнна”. Як толькі мы самі дарвемся да ўлады, адразу ж пралічым: “А можа, і мне тут якім бокам што-небудзь адломіцца”. І самі станем карупцыянэрамі”.

Жыхар Менску – у адказ на пытаньне “Свабоды”: “Ці магчыма перамагчы карупцыю?”

“Наконт павышэньня коштаў. На Ракаўскім кірмашы назіраю, як людзі ўсіх узростаў ня столькі купляюць, а больш вывучаюць кошты. Каўбасаў шмат, розных вырабаў. Кошты напісаныя вялікімі літарамі, каб не пыталіся. Кошты нагадваюць тэлефонныя нумары”.

Ларыса зь Менску, зь ліста на “Свабоду”