Затрыманыя арганізатары “Эўрапейскага маршу” Івашкевіч і Ўхналёў

Любоў Лунёва, Менск Міліцэйскі спэцназ затрымаў старшыню аргкамітэту ў правядзеньні “Эўрапейскага маршу” Віктара Івашкевіча і старшыню аргкамітэту ў правядзеньні “Сацыяльнага маршу” Валерыя Ўхналёва.
Віктар Івашкевіч разам са сваімі сябрамі адзначаў свой дзень народзінаў у рэстарацыі “Эль-Памідора”. Яны не пасьпелі выйсьці, як іх сустрэла рота спэцназу. Спэцназаўцы адвезьлі ў міліцыю Першамайскага раёну толькі Івашкевіча і Ўхналёва.

Валер Ухналёў пасьпеў патэлефанаваць і сказаць сваім паплечнікам, што міліцыянты хочуць адвезьці іх на мэдычную экспэртызу, каб высьветліць колькасьць алькаголю ў крыві. Пасьля гэтага сувязь зь ім перарвалася.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць затрыманьне старшыняў аргкамітэтаў буйных вулічных акцый палітычна матываваным. Тое, што людзей затрымалі ў рэстарацыі, калі тыя адзначалі дзень народзінаў, паводле сп.Вячоркі, ёсьць спробай дыскрэдытацыі апазыцыйных дзеячаў напярэдадні правядзеньня масавых акцый.