Актывісты “Бунту” правялі ў Менску акцыю “Лукашызм. Ураджай-2007”

Радыё Свабода 14 верасьня актывісты руху “Бунт” правялі перад будынкам Міністэрства эканомікі ў Менску акцыю з назвай “Лукашызм. Ураджай-2007”, прымеркаваную да штогадовага сьвята ўраджаю “Дажынкі”. Паводле прэсавай службы арганізацыі, мэтай акцыі было “нагадаць менчукам, што акрамя “квітнеючай” Беларусі, пра якую гаворыць БТ, існуе яшчэ і рэальная, дзе існуюць ня толькі посьпехі”.
Ля ўваходу ў Міністэрства эканомікі актывісты расклалі ўзоры ўраджаю гэтага году: побач з бульбаю, моркваю, кабачкамі і буракамі можна было пабачыць ільготны талончык, перавязаны чорнай стужкаю, які сымбалізаваў сабой адмененыя ільготы, жыроўку за камунальныя паслугі з пазначэньнем новай цаны на газ, а таксама кайданкі, якія ўвасаблялі рэпрэсіі ў дачыненьні да актывістаў апазіцыі.

Акцыя праводзілася напрыканцы працоўнага дня і была заўважаная супрацоўнікамі міністэрства, якія ішлі дахаты. Некаторыя зь іх нават рабілі фатаздымкі на месцы правядзеньня акцыі мабільнымі тэлефонамі. Пад канец акцыі адбыўся невялікі эксцэс з удзелам ахоўнікаў будынку, але ніхто затрыманы ня быў.







(Фота: www.buntby.com)