"Польскім шпіёнам" далі ад 7 да 10 гадоў

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня вынесены прысуд групе грамадзянаў Беларусі, абвінавачаных у здрадзе дзяржаве ў форме шпіянажу. Суд прызнаў іх вінаватымі ў шпіянажы, наўмысна зьдзейсьненым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь на шкоду зьнешняй бясьпецы і абароназдольнасьці Беларусі, у здрадзе дзяржаве.
Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка суд пакараў пазбаўленьнем волі. Пяткевічу і Карнюліку далі па 7 гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Богдану далі 9 гадоў, а Рускіну 10.

Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка пазбавілі вайсковых званьняў – старшага лейтэнанта запасу, маёра, маёра запасу, капітана запасу.

Разгляд справы праходзіў пры зачыненых дзьвярах. На абвяшчэньне прысуду былі запрошаны журналісты. Аднак яны мусілі пакінуць на ўваходзе у залю фатаапараты і мабільныя тэлефоны. Відэаздымкі падчас абвяшчэньня прысуду былі забаронены.

Вайсковая калегія Вярхоўнага суду пачала разгляд справы пры зачыненых дзьвярах 4 верасьня.

Раней было аб’яўлена, што прысуд вынесуць 12 верасьня. Аднак, паводле прадстаўніка Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду, адзін з падсудных у апошнім слове нечакана памяняў свае паказаньні. Пасьля гэтага было адноўлена сьледзтва. Учора працэс скончыўся.

Цягам працэсу адвакаты адмаўляліся ад камэнтароў.

Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце і ў эфіры.

• Адзін з “польскіх шпіёнаў” памяняў паказаньні, 12.09.2007

• “Адвакаты “польскіх шпіёнаў” адмаўляюцца ад камэнтароў, 06.09.2007

• “Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма, 04.09.2007