Судоў чакаюць яшчэ больш за два дзясяткі чалавек

Любоў Лунёва, Менск Некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху затрымалі за апошнія трое сутак у розных рэгіёнах Беларусі. Некалькі чалавек асудзілі да арыштаў у Воршы і Баранавічах. Яшчэ больш за два дзясяткі атрымалі позвы ў суды. Большасьць затрыманых — актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.
Дзевятнаццаць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” атрымалі позвы ў Баранавіцкі гарадзкі суд. Іх будуць судзіць ад 23 да 26 верасьня за тое, што на знак салідарнасьці прыйшлі зь Яраславам Грышчэнем да будынку суду.

Сярод тых, хто зьбіраецца прыехаць на суд, Вольга Смалянчук, Зьміцер Хведарук, Тацяна Буланава, Эла Гарэцкая (сябра камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным), Арсен Пархута, Надзея Крапівіна ды іншыя.

Хрысьціна Марчук абураная дзеяньнямі міліцыянтаў:

“Міліцыянты паводзілі сябе вельмі нахабна. Яны абражалі ўсіх дзяўчат. Нахабна і брутальна прапаноўвалі інтымную сувязь... Пагражалі, што яшчэ два тыдні будуць нас трымаць. Вольгу Смалянчук павялі на асабовы дагляд. Міліцыянт імкнуўся, нягледзячы на тое, што ён ёсьць асобай супрацьлеглага полу, прысутнічаць пры даглядзе. Ён казаў, што сам правядзе яе дагляд”.

З затрыманых у Баранавічах толькі Павал Севярынец пакараны арыштам на 17 сутак. Сваякі Паўла вельмі турбуюцца за ягонае здароўе. Адразу пасьля “хіміі” ён штомесяц трапляе за краты.

Гаворыць кіраўнік Бабруйскай філіі “Маладога фронту” Валер Мацкевіч:

“У краіне ходзіць жарт, што Севярынца выпусьцілі на два месяцы раней, зь якіх ён ужо паўтара месяца адседзеў. Некаторыя кажуць, што штрафы Івану Шылу, Насьце Азарцы сьведчаць пра зьмяненьне стаўленьня да “Маладога фронту”, што нібыта рэпрэсіі сталі не такія жорсткія. Зразумела, што гэта няпраўда. Карціна такая — судзяць аднаго чалавека, а затрымліваюць адразу некалькі дзясяткаў новых”.

Людміла Атакулава сёньня выйшла на волю пасьля адбыцьця 7 сутак арышту за тое, што прыехала на суд да Івана Шылы.

У Воршы 8 і 9 верасьня затрымлівалі людзей, якія імкнуліся адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы на Крапівенскім полі. Затрыманых было гэтак шмат, што іх звозілі аўтобусамі.

У Берасьці 8 верасьня гарадзкія ўлады правялі тэатралізаванае мерапрыемства ў Берасьцейскай крэпасьці з удзелам вайскоўцаў, каб прыгадаць абарону крэпасьці. Пры гэтым на вуліцах затрымалі каля дзясятка чалавек, якія мелі на вопратцы значкі “За свабоду”. Абышлося без складаньня пратаколаў, але міліцыянты перапісалі пашпартныя зьвесткі ўсіх затрыманых.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што ўзмацненьне ціску на моладзь сьведчыць пра новыя працэсы ў стане ўладаў.

“Я думаю, што, сапраўды, улада жадае супрацоўнічаць з Эўропай, бо ў эканоміцы вельмі цяжкія пэрспэктывы. Але страх, які яны маюць перад грамадзтвам, значна большы. Таму яны так спрабуюць ліквідаваць моладзевыя рухі, але моладзь яны прайгралі. Прайгралі вось гэтых самых лепшых — маладых, актыўных, сьвядомых. Яны спрабуюць іх зламаць. Я думаю, што папросту ўлада знаходзіцца ў стадыі агоніі”.

За кратамі застаюцца пяцёра актывістаў. Яшчэ 24 чалавекі мусяць зьявіцца ў суды для разгляду адміністрацыйных пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.