Прадпрымальнікі патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам

Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў менскім парку Дружбы народаў адбыўся мітынг прадпрымальнікаў. Акцыю ініцыявала грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Каля пяцісот удзельнікаў аднагалосна прынялі рэзалюцыю. Яны патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам, каб разьвязаць праблемы ў сфэры малога бізнэсу.
Сёньняшні мітынг Менгарвыканкам афіцыйна дазволіў. Міліцыянтаў было менш, чым на палітычных акцыях апазыцыі. Невядомыя людзі ў цывільным слухалі выступоўцаў, нешта занатоўвалі ды здымалі на відэа.

Прысутныя воплескамі сустракалі яркія прамовы — да прыкладу, Жаны Болсан, якая мае чатырох дзяцей.

У інтэрвію Радыё Свабода прадпрымальніца тлумачыць, чаму прыйшла на мітынг:

“Арэнда — 1 мільён 800 тысяч рублёў. Падатак — 850 тысяч рублёў. Плюс яшчэ 56 тысяч рублёў пэнсійнай выплаты. Плюс розныя выплаты за перарэгістрацыю. А дапамогі ад дзяржавы для маіх дзяцей ніякай ня маю”.

На мітынгу крытыкавалі ўказ прэзыдэнта №760. Ён абмяжоўвае кола тых, каго індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права наймаць на працу, блізкімі сваякамі. У бізнэсоўцаў гадоў сарака ўрэшце выбару няма: бацькі пэнсіянэры, а дзеці вучацца.

Меркаваньні старшыні савету менскага рынку “Сьвелта” Сяргея Васілевіча:

“Прадпрымальнікі проста могуць сысьці з рынку. Мая прапанова наконт указу №760: у пункт 1.1, які тычыцца прыцягненьня блізкіх сваякоў, унесьці зьмены. Дадаць, каб прадпрымальнікі маглі наймаць да трох фізычных асобаў для працы”.

На мітынгу ў Менску былі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Аляксандар Рабчэня працуе на гомельскім рынку “Цэнтральны”:

“Камітэт эканомікі аблывыканкаму з намі зусім не працуе. Канкрэтна — Эльвіра Карніцкая, старшыня гэтага камітэту. Увогуле, сытуацыя складаная. Мы падалі заяўку на правядзеньне мітынгу 24 верасьня. Калі ня будзе ніякага зруху ў зьмене — я не кажу адмене — дадзенага ўказу, то будзе вельмі вялікая “буча”. Па-іншаму я ніяк не скажу”.

І вось што кажа пра вынікі сходу прадпрымальнікаў у Менску старшыня грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

“Вельмі добры мітынг. І вызначальна, што народны мітынг — гэта народны. Сюды прыйшлі людзі ад станка, як кажуць. Цяпер справа за палітыкамі. Няхай яны вырашаюць”.

Сяргей Васілевіч узначальвае савет індывідуальных прадпрымальнікаў на менскім рынку “Сьвелта”

Аляксандар Рабчэня ў Гомелі сабраў больш за тысячу подпісаў прадпрымальнікаў пад патрабаваньнем унесьці зьмены ва ўказ №760

Актуальныя патрабаваньні ўдзельнікаў мітынгу

Галасаваньне аб звароце да Лукашэнкі было аднагалоснае

Фота аўтара

• Сёньня на Бангалоры мітынгуюць прадпрымальнікі, 10.09.2007 • У Менску 10 верасьня адбудзецца мітынг прадпрымальнікаў, 6.09.2007