“Занадта далёкія сёньняшнія апазыцыянэры ад народу”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
У пошце апошняга тыдня — лісты з развагамі пра цяперашні стан беларускай эканомікі і грамадзтва, пра вартасьці й заганы дэмакратычнай апазыцыі.

Пачну размову з допісу Галіны Александроўскай з Магілёва. Яна лічыць, што афіцыйная прапаганда беспадстаўна называе сёньняшні стан беларускага грамадзтва стабільным:

“Стабільнасьць — гэта калі ў дзяржаве ўсе слаі насельніцтва задаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Чалавек павінен жыць у адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі. А ў Беларусі стабільна жывуць толькі тыя, хто ляяльны да ўлады (гэта недзе 25—30 працэнтаў насельніцтва).

Стабільнасьць — гэта калі своечасова выплачваюцца заробкі, пэнсіі, дапамогі, калі ў дзяржаве няма палітычных зьняволеных, перасьледу іншадумцаў, калі вядзецца сумленная палітычная барацьба, калі не фальшуюць выбараў і няма парушэньняў правоў чалавека. А ў сёньняшняй Беларусі стабільна квітнее толькі жабрацтва”.


У сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская таксама выказвае прэтэнзіі да Радыё Свабода:

“Усім вядома, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі сфальшаваныя. Гэта прызнаў нават сам Лукашэнка. Ніводная дзяржава на Захадзе не прызнае Лукашэнку за легітымнага прэзыдэнта. А вы на Радыё Свабода чамусьці называеце яго прэзыдэнтам.

Як вы думаеце, чаму Казулін у турме слаба ідзе на папраўку? Бо, калі ён слухае Радыё Свабода, то, я ўпэўненая, яго маральна прыгнятаюць вашы звароты да дыктатара як да прэзыдэнта Беларусі.

Давайце дамо з дапамогай “Свабоды” Казуліну тыя віртуальныя лекі, якія яму відавочна дапамогуць — пазбавім Лукашэнку прэзыдэнцкага статусу, і будзем называць яго дыктатарам”.


Мы, спадарыня, Галіна, падрабязна асьвятлялі й асьвятляем усе выбарчыя кампаніі, якія адбываюцца ў Беларусі. І пра ступень дэмакратычнасьці апошніх прэзыдэнцкіх выбараў слухачы “Свабоды” добра ведаюць.

Але, распавядаючы пра сёньняшнія падзеі ў Беларусі, у якіх фігуруюць дзейныя палітыкі й дзяржаўныя чыноўнікі, немагчыма кожны раз пераказваць даўгую перадгісторыю іхнага прыходу да ўлады і спосабаў утрыманьня гэтай улады.

Аляксандар Лукашэнка сёньня — рэальны кіраўнік дзяржавы, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы (прычым, паўнамоцтвы мала чым абмежаваныя) мае менавіта ён. Ад яго і прызначаных ім чыноўнікаў зыходзяць усе найважнейшыя для дзяржавы рашэньні. Не лічыцца з гэтым фактам альбо ігнараваць яго, рыхтуючы журналісцкую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі — немагчыма.

Легітымны гэта прэзыдэнт ці нелегітымны — асобная вялікая праблема. І вырашаць яе ў выніку павінны не журналісты, а само беларускае грамадзтва.

Наш слухач Уладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну у сваім лісьце разважае пра назвы праўладных грамадзкіх арганізацыяў.

“Спачатку маладыя прыхільнікі палітыкі Лукашэнкі называлі сябе БПСМ (патрыятычны саюз моладзі). Потым літара “п” кудысьці зьнікла. Чаму? Можа, таму, што так званымі “патрыётамі” яны былі на народныя грошы?

А вось цяпер па ўсёй Беларусі начальства стварае суполкі новай прапрэзыдэнцкай арганізацыі пад назвай “Белая Русь”. Зноў жа цікава: чаму белая, а не чырвона-зялёная? У іх жа на ўсё белае ці бела-чырвонае вочы наліваюцца крывёю — як у быкоў падчас карыды”
, — напісаў у сваім лісьце пэнсіянэр, былы партызан Уладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну.

Пяць гадоў таму праўладны БПСМ зьмяніў назву, аб’яднаўшыся зь яшчэ адной, гэтаксама праўладнай моладзевай арганізацыяй — БСМ (Беларускі саюз моладзі).

І тыя, і другія, і трэція лічылі й лічаць сябе пераемнікамі камсамолу — з той толькі розьніцай, што замест ленінскіх ідэяў з такой жа апантанасьцю, не дапускаючы аніякай крытыкі і апазыцыйнасьці, адстойваюць палітыку іншай асобы.

Што да арганізацыі “Белая Русь”, то тут усё відавочна. Да зьмены назвы краіны справа ў чыноўнікаў не дайшла, і наўрад ці дойдзе.

Наш слухач зь Віцебску дзіцячы лекар Ігар Пастноў у сваіх новых лістах працягвае дыскусію пра аблічча цяперашняй апазыцыі й пра рэальны стан беларускай эканомікі:

“Занадта далёкія сёньняшнія апазыцыянэры ад народу. Ды і вашы свабодаўскія рэпартажы зробленыя нібы з далёкай краіны, людзьмі, якія ня бачаць жыцьця Беларусі. А вы ж паглядзіце на нашы квітнеючыя гарады! Якая прыгажосьць! Паўсюль новабудоўлі.

Я лекар. На ўчастках штодня нараджаюцца двое-трое немаўлят. Многія мае знаёмыя атрымалі льготныя крэдыты, пабудавалі цудоўныя кватэры. Некаторыя зьехалі ў аграгарадкі. Атрымліваюць вельмі няблага (даяркі, сьвінаводы ды іншыя). І катэджы ім даюць. У гарадах узводзяць шыкоўныя шматпавярховыя дамы для шматдзетных і малазабясьпечаных сем’яў.

Параўноўваючы з Расеяй, у якой і нафта, і газ, магу сказаць, што мы жывем лепш. Яны раструбілі, як вялікае дасягненьне, што далі ўчастковым дактарам 10 тысяч расейскіх рублёў. А ў нас участковы доктар ужо даўно атрымлівае ў сярэднім мільён беларускіх рублёў (гэта 12 тысяч расейскіх). А калі падпрацоўваць, дык можна зарабіць і болей.

Маці атрымлівае пэнсію 300 тысяч, дык 100 тысяч на ашчадную кніжку адкладае. Маміна сястра ў расейскім горадзе Кацельніч Кіраўскай вобласьці атрымлівае 3 тысячы рублёў, пры гэтым ні пра якія сацыяльныя праграмы нават ня чула. Словам, у сярэднім жывем някепска. А бамжа і п’яніцу можна знайсьці нават у самай пасьпяховай і багатай краіне”.


Далей у сваім лісьце Ігар Пастноў выказвае папрокі на адрас “Свабоды” ды іншых незалежных мэдыяў:

“А вы ўсё вышукваеце недахопы. То настаўнік недзе павесіўся, ня вытрымаўшы праверак; то прадпрымальніка аштрафавалі. За “Народную волю” заступаецеся.

Але давайце гаварыць неангажавана. Уявім, што ў ЗША зьявілася газэта пад назвай “Апазыцыя Беламу дому” і пачала высьмейваць ды зьневажаць Джорджа Буша. А сьмяяцца ж ёсьць з чаго. Усім вядома, што ён нярэдка трапляе ў розныя камічныя сытуацыі, словы блытае. Што б чакала такую газэту? Суд і пазбаўленьне ліцэнзіі”.


У Злучаных Штатах, спадар Пастноў, сотні (а магчыма, і тысячы) газэт, якія ў адкрытай апазыцыі да афіцыйнай палітыкі ўраду.

І пра камічныя сытуацыі, у якія трапляе прэзыдэнт, і пра ягоныя не заўсёды ўдалыя выказваньні амэрыканскія грамадзяне даведваюцца са сваіх жа амэрыканскіх газэт, перадач тэлебачаньня і радыё. І карыкатуры на прэзыдэнта Буша і любых высокапастаўленых чыноўнікаў ягонай адміністрацыі, і анэкдоты, і шаржы, і лялечныя шоў — усё гэта ў амэрыканскіх мэдыях звычайная рэч.

Нярэдка такія выступы вельмі вострыя і крыўдныя для палітыкаў. Але каб за гэта газэту ў пазасудовым парадку пазбаўлялі ліцэнзіі альбо друкарні, каб за карыкатуру альбо анэкдот на прэзыдэнта зьнішчалі газэту — такое ў Злучаных Штатах уявіць немагчыма. Для палітыка, які б адважыўся на такое, гэта азначала б канец ягонай кар’еры.

Што да сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці і вашага, спадар Пастноў, захапленьня ёю. Спадзяюся, вы ня будзеце аспрэчваць, што тысячы і тысячы людзей у Беларусі вашага захапленьня не падзяляюць. Далёка ня ўсе лекары атрымліваюць мільён рублёў, і ня ўсе пэнсіянэры могуць пражыць на сваю пэнсію.

І ўвогуле, вялікая частка грамадзтва хоча бачыць у тэлевізары ня толькі пераможныя рэпартажы пра посьпехі беларускай эканомікі, і чуць з парлямэнцкай трыбуны ня толькі ўсхваленьні “мудрай палітыкі дзейнага прэзыдэнта”. І гэтыя людзі маюць права на тое, каб ведаць пра сваю краіну і сваю ўладу ўсю праўду — усю, а ня толькі тую, якая падабаецца гэтай уладзе.

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну без камэнтароў.

Наш слухач Фэлікс Шкірманкоў са Слаўгараду займаецца грамадзкай дзейнасьцю і піша вершы. Многія, відавочна, ведаюць з публікацыяў у незалежных мэдыях пра ягоны публіцыстычны зборнік пад назвай “Баліць, крычыць мая душа”. Фэлікс Шкірманкоў піша:

“Цяпер я рыхтую яшчэ адзін зборнік. Тэматыка — тая ж, што і ў папярэдніх кнігах: Беларусь, беларусы і іх лёс”.

Слухач даслаў некалькі сваіх новых вершаў. У адным зь іх ёсьць такія радкі — пра лёс беларускай мовы:

…І толькі беларуса не пазнаць, На мове роднай ён ня будзе размаўляць, Бо прыклад паўсядзённы мае — Сам прэзыдэнт на рускай размаўляе І вельмі падазрона ставіцца да тых, Хто не адрокся каранёў сваіх. Таму паўсюдна сёньня ў краіне Адметнасьць беларуса — мова гіне.

Дзякуй, спадар Шкірманкоў, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by