“Як ставісься да Бога?” — цікавіўся супрацоўнік КДБ у рабочага

Радыё Свабода Слонімца Юрыя Масюка (1968 г. нараджэньня) выклікалі ў кабінэт дырэктара мэблевай фабрыкі, дзе ён працуе грузчыкам. Там яго сустрэў чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ. Госьця цікавіла: як ён ставіцца да Бога, ці не ўваходзіць у незарэгістраваныя хрысьціянскія арганізацыі?
Таксама былі пытаньні пра адносіны з братам — Алесем Масюком, вядомым слонімскім грамадзкім актывістам. Пасьля гэтага госьць прапанаваў Юрыю напісаць заяву аб тым, што ён ня будзе ўступаць у незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі, але Юры адмовіўся гэта зрабіць. Пра гэта нам паведаміў Алесь Масюк, які зазначыў, што брат не належыць да рэлігійных суполак, але дапамагае яму падчас выбарчых кампаній.