Ю.Гарадзецкі: “Павароцьці застаўся для мяне нявывучанай плянэтай”

Юлія Шарова, Менск На 72-м годзе жыцьця памёр славуты італьянскі тэнар Лючана Павароцьці. Ён прасьпяваў на опэрнай сцэне каля чатырох дзесяцігодзьдзяў і ў апошнія гады яшчэ выступаў з канцэртамі па ўсім сьвеце. Сьмерць Павароцьці стала стратай для музыкантаў. Беларускія опэрныя сьпевакі лічаць, што ягоны сыход паўплывае на сытуацыю ў опэры: невядома, хто цяпер будзе эталёнам для ўсіх акадэмічных вакалістаў.
Заслужаны артыст Беларусі, барытон Віктар Скарабагатаў у свой час стажаваўся ў мілянскім тэатры La Scala — ён трапіў у сэзон, калі там сьпяваў Дамінга, а не Павароцьці. Таму наўпрост кантактаваць зь вялікім тэнарам яму не давялося:

“Мае сябры, якія зь ім мелі стасункі, заўсёды казалі, што сам удзел у спэктаклі Павароцьці ўжо неяк уздымаў планку, і яны сьпявалі лепей, чым маглі на самай справе”.

Лючана Павароцьці быў узорам і сымбалем сапраўднай італьянскай вакальнай школы і арыенцірам для ўсіх сьпевакоў. Ягоны сыход, як і сыход іншых прадстаўнікоў ягонага пакаленьня, можа цалкам зьмяніць сытуацыю ў вакальнай музыцы ва ўсім сьвеце, лічыць Віктар Скарабагатаў:

“Другая палова XX стагодзьдзя для мужчынаў-сьпевакоў усё ж прайшла пад знакам некалькіх такіх імёнаў, якія вызначалі ўвогуле моду на опэрнае сьпяваньне. Канечне ж, гэта Брузон, канечне ж, гэта Карэлі, канечне ж, гэта Дамінга. І калі пачала сыходзіць вось гэтая плеяда, то цяпер мы бачым, што на раздарожжы такім знаходзіцца пакуль што опэрная справа ў сьвеце”.

Саліст Беларускай опэры і дыплямант сёлетняга конкурсу Франсыска Віньяса ў Барсэлёне, тэнар Юры Гарадзецкі кажа, што, як і ўсе маладыя сьпевакі, гадаваўся на запісах Павароцьці, калі яшчэ быў студэнтам музвучэльні.

Гарадзецкі: “Я слухаў шмат тэнараў, але Павароцьці, я думаю, для мяне застаўся такой незразумелай і нявывучанай плянэтай. Ягоная сьмерць, канечне, гэта ня толькі страта для сьпевакоў, для людзей, якія маюць нейкае дачыненьне да опэры, але для ўсяго музычнага сьвету”.