"Славутыя асобы Беларусі" на сядзібе Партыі БНФ

Галіны Абакунчык, Менск Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ адкрылася мастацкая выстава "Славутыя асобы Беларусі". 10 графічных і 30 літаграфічных партрэтаў да ўвагі гледачоў прапанавалі мастакі Зьмецер Шапавалаў, Валянцін і Лілія Варэцы. На палотнах вядомыя гістарычныя постаці: Ефрасіньня Полацкая, Барбара Радзівіл, Тадэвуш Касьцюшка, Мікола Гусоўскі і іншыя.
Гукамі дуды імпрэзу распачаў вядомы музыка-дудар Пан Скіргайла. Затым слова ўзяў адзін з мастакоў Зьміцер Шапавалаў:

“Я лічу, што, на жаль, у нас у краіне ня ўсе ведаюць сваю гісторыю. І я вырашыў, што чым змагу – запоўню гэты прабел”.

"Гэтыя людзі ёсьць аргумэнтам супраць тае палітыкі, якую сёньня праводзіць Лукашэнка"

Мастакі Валянцін і Лілія Варэцы, якія стварылі галерэю партрэтаў ад Гусоўскага да Касьцюшкі, паводле свайго паходжаньня украінец і татарка. З прыходам цяперашняй улады эмігравалі ў Аўстралію.

Гаворыць старшыня культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка:

“Тыя людзі, якія адлюстраваныя на карцінах, яны пакінулі сьлед ня толькі ва ўласным жыцьці, але і ў жыцьці краіны, у жыцьці нацыі, беларусаў. Я лічу, што гэтыя людзі ёсьць адлюстраваньнем, што сёньня мы маем сваю гісторыю і аргумэнтам супраць тае палітыкі, якую сёньня праводзіць Лукашэнка”.

"Уражвае, што ёсьць людзі, якія хочуць займацца беларускасьцю"

На завяршэньне удзельнікі глядзелі выставу ды слухалі дуду Пана Скіргайлы.

Карэспандэнтка: “Ці паглядзелі выставу і што спадабалася?”

Юначка: “Вельмі спадабалася. Уражвае таксама, што ёсьць людзі, якія хочуць займацца беларускасьцю. Што гэтыя людзі сярод нас – мы іх сустракаем, размаўляем – і гэта вельмі прыемна. Я шчасьлівая за нашую гэткую моладзь, за нашых людзей і спадзяюся, што з гэтага сапраўды штосьці атрымаецца. Веру ў гэта”.


Франак Вячорка сярод моладзі падчас адкрыцьця выставы


Пан Скіргайла адкрывае выставу "Славутыя асобы Беларусі"


Моладзь каля галерэі партрэтаў "Славутыя асобы Беларусі"


Слова бярэ мастак Зьмецер Шапавалаў


Адзін з экспанатаў – партрэт Тадэвуша Касьцюшкі


Моладзь на выставе "Славутыя асобы Беларусі"