"Хлеб “Смачны” на пачатку месяца каштаваў 670, а цяпер – 900 рублёў"

Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 29 жніўня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24
Ільля Копыл, Менск: “Добрай раніцы, Свабода. Я абураны заявай расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава аб намеры разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Я ўпэўнены, што заява зробленая са згоды беларускага кіраўніцтва. Запушчаны “пробны шар” – як на гэта адрэагуе беларускае грамадзтва. НАТА нам не пагражае. Разьмяшчэньне сродкаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі мы павінныя вітаць. Разьмясьціўшы расейскую зброю на нашай тэрыторыі, улада стварае вялікую небясьпеку для нашай краіны. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар, жыхар Менску: “Паважаная Свабода, амбасадар Расеі выказаўся за магчымае разьмяшчэньне сваіх ракет на тэрыторыі Беларусі. Ён параўноўвае Беларусь з Чачнёй, дзе робяць што хочуць. Гэта зьнявага беларускаму народу. Яго неабходна прагнаць зь Беларусі найхутчэй. Дзякую.”

Ларыса, горад Менск: “Я пра падвышэньне коштаў, якое рушыць неўзабаве. Усё гэта – ня новае. Гэтак і павінна было адбыцца. Гэта вынік “эканамічнага цуду” ў Беларусі, пра які шмат было сказана і паказана. Падвышэньне коштаў ідзе ўжо даўно. Але заўважаюць яго толькі тыя людзі, у якіх кожная капейка на ўліку. На хлеб наш надзённы, пра які вядзецца гаворка, кошт падвышаецца штодня. Да прыкладу, хлеб “Смачны”: на пачатку месяца каштаваў 670 рублёў, а цяпер – 900 рублёў. Якасьць хлеба кепская – назаўтра пакрываецца цьвільлю, бо мокры. А малако – спрэс вадзяное. Увогуле адвучылі ад мяса і каўбасных вырабаў, на якія кошты завоблачныя, гэтак адвучаць і ад хлеба ды малака. Хочацца параіць: калі вы падвышаеце кошты, то сачыце за якасьцю. У дзяржаве, падобна, няма грошай. Хто патлумачыць, чаму грошай няма?”

Спадар: “Расейскі амбасадар Сурыкаў агучыў меркаваньне пра ядзерную зброю ў Беларусі, канечне ж, не сваё. Гэта расейская гісторыя ўся такая. Але ж што тут атрымоўваецца, калі прыгледзецца. 26 лістапада 1996 годзе у нас усталявана расейская Канстытуцыя. І вось калі беларускія ўлады паспрабавалі недзе ўзяць у крэдыт грошы плаціць за газ і нафту, але не атрымалася. Нелегітымнай уладзе, нават адыёзныя рэжымы ня хочуць даваць крэдыт. Вось Расея і прапанавала нейкі пернік – мы вось гэта вось агучым. І калі вярнуцца да шматразовых выступаў уладаў беларускіх пра нейкую “памылку” Шушкевіча пра вываз ядзернай зброі з тэрыторыі краіны, вось зараз яны і распачынаюць новы шантаж сьвету. Ну і, напэўна, кранік з газам крыху і прыадчыняць для Беларусі.”.

Іван Карпавіч, Менск: “У мяне такое ўзьнікла пытаньне да Свабоды. І ня толькі я, але ўсе гараджане Менску, абласных і іншых гарадоў плацяць грошы за жыльлёва-камунальныя паслугі ўсюды дарэмна. Калі кішэньнік залез у кішэню – ёсьць артыкул. Калі дзяржава лезе мне ў кішэню штомесяц – няма артыкулу. Як гэта разумець? Вось я прывяду такі прыклад. У нас дома ідзе капітальны рамонт. Мы з бабцяй жывем удваіх і плацілі за 30 кубоў вады 15 –гарачай і 14 халоднай. Паставілі лічыльнік – плацім 2 кубы халоднай і 2 кубы гарачай. Гэта ж, паслухайце, дзесяцігодзьдзямі колькі грошай у нас забіралі. І ня толькі ж у мяне, а ва ўсіх гараджанаў. Гэтак жа і за газ. Мы плацілі ў сярэднім гэтулькі, а зараз зусім па-іншаму. Атрымоўваецца, што за жытло мы плацім па эўрапейскіх стандартах, а заробак і пэнсію налічваюць мінімальную – у пятнаццаць разоў меншую. Чаму такая сыстэма? Ёсьць народны кантроль, ёсьць кіраўнік краіны, Саўмін і ніхто не зацікавіцца куды ідуць гэтыя грошы”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. У Беразіно распачалася чарговая будоўля стагодзьдзя – будуецца палац правасудзьдзя. Відаць у старога, аднапавярховага народнага суду недастатковая прапускная здольнасьць”.

Спадарыня, Магілеў: “Вось і паказала Расея свой сыр Лукашэнку, дзеля якога яна карміла яго танным газам і нафтай, на чым трымалася лукашэнкаўскі цуд 12 гадоў. Сурыкаў, нарэшце, агучыў асноўную крамлёўскую мэту: вярнуць на тэрыторыю Беларусі ядзерную зброю. Калі Расея плянуе гэта ў Беларусі, значыць няма ўжо незалежнай і свабоднай Беларусі. Праеў і праезьдзіў Лукашэнка нашую незалежнасьць і свабоду. Калі Расея ажыцьцявіць свой плян, то Беларусь стане патэнцыйным ворагам для Эўропы. Беларускі народ абавязаны не дапусьціць гэтага”.

Іван, Менск: “Дзень добры, радыё Свабода. Спадары лукашысты, чаму вы абураецеся падвышэньнем коштаў? Больш за 10 гадоў таму было сказана, што бясплатны сыр – у пастцы. І другое – беларускі народ будзе жыць бедна і ня доўга. З павагай, Іван.”