У Нясьвіжы затрыманы чатыры актывісты Маладога фронту

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ўначы (у 00.40) ў Нясьвіжы былі затрыманы актывісты Маладога фронту Наста Азарка, Наста Палажанка, Арцём Дубскі і Аляксандар Жукаў. Іх затрымалі за надпіс, зроблены на белым плоце, “Беларусь – гэта сьвятое!”. Потым моладзевыя актывісты раздавалі ўлёткі да суду Насты Азаркі.
Пасьля гэтага пад’ехалі міліцыянты і затрымалі актывістаў. Дагэтуль яны знаходзяцца ў Нясьвіскім пастарунку. Паводле Насты Палажанкі, Насту Азарку, Арцёма Дубскага і Аляксандра Жукава адвезьлі ў суд. Непаўнагадовая Наста Палажанка будзе накіравана на адміністрацыйную камісію.

У актывістаў міліцыянты забралі тэлефоны. Патрабаваньне Насты Палажанкі выклікаць адваката было адхілена.

Паводле Насты Палажанкі, міліцыянты вінавацяць затрыманых актывістаў у хуліганстве:

“Я ня думаю, што надпіс “Беларусь – гэта сьвятое!” можна залічыць як хуліганства”.

Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся паведаміць Радыё Свабода прычыны затрыманьня актывістаў Маладога фронту. Яны сказалі, што “праводзіцца праверка”.