Да “Дажынак” заняпалыя вёскі хаваюць за стракатымі платамі

Радыё Свабода, Гомель Рыхтуючыся да рэспубліканскіх Дажынак, у Рэчыцкім раёне ўпрыгожваюць ня толькі горад, але й вёскі. Прычым, некаторыя зь іх – своеасаблівым чынам.
Пры шашы Бабруйск–Рэчыца, кілямэтраў за дваццаць ад райцэнтру, ёсьць вёсачка Стара-Краснае. Адносіцца яна да Дземяхоўскага сельскага Савету. Аграгарадком вёсцы быць ня выпала. Вуліцы тут пясчаныя, вытаптаныя капытамі саўгаснага статку. І хаты – зусім не катэджы. Дый паркан абапал сядзіб даўно да зямлі пахіліўся.

Гэткую занядбанасьць вырашылі замаскаваць новым шыфэрным плотам, выфарбаваным у ружовы, бэзавы й чырвоны колеры.

Апавядае вясковая кабета спадарыня Марыя:

“Лукашэнка будзе ехаць у горад на Дажынкі, дык гэта старшыня сельскага Савету даў шыфэру з саўгаснага двара. Ён прыехаў, а я кажу: “Ой, які прыгожы плот!” А ён мне: “Што, хіба вам не падабаецца? Лукашэнка будзе ляцець і з самалёту пабачыць, што вы тут зрабілі”.

Пэнсіянэрка тлумачыць, чаму ў суседзяў такі рознакаляровы плот:

“Старшыня ім такую фарбу даў. Алькашы самі й фарбавалі”.

“Пушкін фарбаваў!”, – дадае дзед Віктар, пэўна, маючы на ўвазе тое, што імя ды імя па бацьку старшыні Дземяхоўскага сельскага Савету Аляксандра Сяргеевіча Сьпірыдонава супадае зь імём знакамітага расейскага паэта. 83-гадовы дзед Віктар, інвалід, згадвае, як зьвяртаўся ўвесну да старшыні ў спадзеве на падмогу:

“Я ў старшыні сельскага Савету прасіў: скажыце дырэктару саўгасу, каб даў мне прычэп гною. Я заплачу. Дык не далі”.

І цяпер бядуе вясковец: пшаніца на ягонай прысядзібнай дзялянцы перасьпела, а камбайна абяцанага ўсё няма:

“Дваццаць сотак пшаніцы стаіць, асыпаецца. Але не ўбіраюць. Дзьве тысячы за сотку на камбайн трэба плаціць. Я й па тры тысячы дам – толькі сажніце”.

• Рэчыца: “Я ніколі вас не пушчу фарбаваць гэты ламаны дах”, 13.08.2007