Імпрэзу руху “За Свабоду” спыніў спэцназ міліцыі

Севярын Квяткоўскі, Менск Цягам 11 жніўня ў арэндаваным на дзень летніку адпачынку пад Менскам ладзілася імпрэза пад назвай “Вялікі пікнік руху “За Свабоду”.
Мэта імпрэзы – знаёмства сябраў руху між сабою, дыскусіі і адпачынак. Цэлы дзень больш за 300 чалавек бралі ўдзел як у сустрэчах з экспэртамі грамадзка-палітычнай дзейнасьці, гэтак у забаўляльных мерапрыемствах. Напрыканцы адбыўся канцэрт, які склаўся з выступаў Касі Камоцкай ды гуртоў “Рэха” і “Сьцяна”.

Пад вечар прыбылі супрацоўнікі менскай раённай міліцыі, якія выклікалі міліцэйскі спэцназ. Падстава – “забарона на масавыя мерапрыемствы пасьля 22-й гадзіны”. Аргумэнты лідэра руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, што прыватная імпрэза пасярод лесу не вымагае дазволу, не былі прынятыя да ўвагі. Міліцыя сарвала апошнюю частку сустрэчы – “прагляд кліпаў, дасланых на конкурс “Беларусь, якую не паказваюць па БТ”. Разам са спэцназам прыехаў аўтазак, але затрыманьняў не было.