Гомель: 100-мільённы пазоў супраць камунальнай службы

Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля разглядаўся пазоў эканаміста Ўладзімера Бутраменкі да камунальна-жыльлёвага прадпрыемства “Савецкае”. Грамадзянін праз суд спрабуе спагнаць з прадпрыемства 100 мільёнаў рублёў маральнай страты за неаказаныя яму камунальныя паслугі й незаконнае абагачэньне за кошт гараджан.
У судзе спадар Бутраменка распавёў, што ў доме №110 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, дзе ён жыве, тэмпэратура гарачай вады не адпавядае нормам, дрэнна абслугоўваецца ацяпляльная сыстэма. У выніку жыхары дому плацяць штомесяцова на 15-20 тысяч рублёў болей за іншых гараджан.

Чарговы рамонт дому таксама не ажыцьцяўляецца, хаця й відочна насьпела патрэба: працякае дах, не ўпарадкавана дваровая тэрыторыя. А за вываз сьмецьця жыльцы наагул плацяць двойчы.

На знак пратэсту за неаказаныя камунальнікамі паслугі Ўладзімер Бутраменка не аплачваў квіткоў на тэхнічны рамонт дому. ЖЭУ-11 стала зьмяшчаць ягонае прозьвішча ў сьпісах злосных неплацельшчыкаў і праз суд спаганяць плату.

Прадстаўнікі камунальнай службы большасьць выстаўленых да іх прэтэнзій адхіляюць.

Чакаецца, што вырак паводле пазову спадара Бутраменкі да камунальнікаў судзьдзя Армушэвіч абвесьціць 21 жніўня.