“Зь вялікім задавальненьнем назіраю за гэтай палітычнай мэлядрамай"

Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка заявіў учора, што «Расея хоча прыватызаваць ня толькі асобныя прадпрыемствы Беларусі, нават бясплатна іх прыхапіць. Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну». Як да гэтага выказваньня кіраўніка краіны паставіліся менчукі?
Спадар: “Нечаканы ўчынак Расеі, калі яны ўдвая ўзьвінцілі кошты за газ, незразумелы. Гэта памылка Пуціна. Таму я цалкам падтрымліваю Лукашэнку”.

Дзяўчына: “Я лічу, што сапраўды Расея зараз пачынае вялікую колькасьць нашых прадпрыемстваў папросту скупляць. І за гэтым трэба абавязкова сачыць. З гэтым я згодная. Але з Расеяй рваць адносіны нельга, таму што ў нас няма ніякіх прыродных рэсурсаў. Нават калі мы хочам незалежнасьці ад Расеі, мы ня зможам яе атрымаць”.

Дзядок: “Лукашэнка не аддасьць нічога. Ён знойдзе ў іншым месцы газ”.

Спадар: “Я за тое, каб не аддаваць Беларусь”.

Спадарыня: “Я зь вялікім задавальненьнем назіраю за гэтай палітычнай мэлядрамай. Падчас мінулага скандалу была фраза: “Нашы адносіны атручаны газам». А цяпер ён кажа: «Я ў Крэмль не паеду, на калені ня стану». Любата! Гэта папросту нейкая «Санта-Барбара».

Юнак: «Беларусь, па-мойму, павінна быць з Эўропай, а не з Расеяй. З Расеяй трэба быць прасьцей: яна да нас добра – мы да яе з дабром, яна да нас дрэнна – трэба адказваць тым жа».

Спадар: «А мне ўсё адно».

Спадарыня: «Я думаю, цяжка нам будзе без дапамогі Расеі».

Спадар: «Адносіны – гэта справа часовая. Сёньня адна ўлада, заўтра – іншая будзе ў Расеі. Гэта заўсёды хістаецца, як арэлі».

Карэспандэнтка: «Але без Расеі Беларусь пражыве?»

Спадар: «Пражывем! Толькі трэба крыху мазгамі кеміць і працаваць».

Юнак: «Трэба бало адразу палітыку весьці іншую, не шукаць ворагаў – будзь тое Польшча альбо іншыя краіны. Папросту ён сам паставіў краіну ў такое залежнае становішча ад Расеі».

Спадар: «Я лічу, што можна абысьціся без Расеі, калі знайсьці сабе іншых сяброў – на Захад павярнуцца».

Карэспандэнтка: «Але без Расеі Беларусь выжыве?»

Спадар: «Цяжка будзе, а ўсё ж выжыве».

Карэспандэнтка: «Аляксандар Лукашэнка выказаўся ўчора, што Расея хоча прыватызаваць ня толькі прамысловасьць Беларусі, але і ўсю краіну. Як вы да гэтага ставіцеся?»

Спадар: «Напэўна, ён правы. Яму відней. Там ёсьць сілы алігархічныя, якія хочуць даўно тут усё прыватызаваць, прыбраць».

Спадар: «Рэзкавата ён выказаўся. Але без Расеі мы ня выжывем».

Дзядок: «Правільна Лукашэнка сказаў: самі заплацім. Мо, трэба аглоблі павярнуць на Захад?»

Спадар: «Я лічу, што Лукашэнка крыху пакрыўджаны, таму й выказаўся крыху нетактоўна. Наколькі я ведаю, прыватызацыя Беларусі пакуль не прадугледжана Расеяй. Яго папросту крыўда змусіла так сказаць».