"У ланцугу даставак газу з Расеі на Захад найбольш няпэўнае зьвяно – Беларусь"

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве чакаюць выкананьня Газпромам абавязаньняў па дастаўках газу, незалежна ад праблемаў зь Беларусьсю – гэта афіцыйная пазыцыя. Аналітыкі, ў сваю чаргу бачаць розныя наступствы скарачэньня паставак газу Беларусі.
Міністар эканомікі Польшчы Петр Возьняк (на фота) заявіў, што “Варшаву не цікавяць праблемы расейскіх дастаўцаў зь беларускімі фірмамі” і паколькі “Польчша рэгулярна плаціць за газ, дык хоча і рэгулярна гэтае паліва атрымліваць”.

Міністар нагадаў, што Варшава інтэнсыўна працуе над стварэньнем сыстэмы альтэрнатыўных крыніцаў даставак газу і апошнія падзеі яшчэ раз перакноваюць у правільнасьці такога падыходу.

Хаця газ пакуль дастаўляецца ў Польшчу ў поўным аб’ёме, а запасаў у выпадку поўнага спыненьня даставак гэтага паліва хопіць прынамсі на 4-5 месяцаў, аналітык Анджэй Шчэньсьняк, зьвяртае ўвагу на іншую праблему. Шчэньсняк: “Эўропа, пакупнікі газу ў Эўропе, будуць усё больш разумець, што ў ланцугу паставак газу з Расеі на Захад найбольш няпэўнае зьвяно - гэта Беларусь. У выніку гэта будзе моцны аргумэнт на карысьць будаўніцтва газаправоду па дне Балтыйскага мора, гэтак званага Паўночнага газаправоду”.

Польшча выступае катэгарычна супраць будаўніцтва газаправоду па дне Балтыйскага мора, у абыход Беларусі і Польшчы, заяўляючы нават, што гэта прыгадвае “пакт Молатава-Рыбэнтропа”.

Што да разьвіцьця падзеяў, дык аналітыкі лічаць, што пакуль “малапраўдападобна”, што Беларусь пачне незаконна браць расйескі газ, які ідзе транзытам на захад, “бо ўлетку спажываецца значна менш гэтага паліва”.