“Ужо некалькі дзён прадстаўнікі ОРТ утрымліваюцца ў адзіночных камэрах”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 1 жніўня ў розныя гады мінулага.
“Звязда” ў 1937 годзе піша пра Камітэт фізкультуры і спорту БССР: “Растранжырванне дзяржаўных грошай, куцяжы і банкеты не мелі межаў... Кожны фізкультурны парад, спаборніцтвы, сустрэчы і г.д. скарыстоўваліся для таго, каб добра выпіць і сытна паесці. Так, у прадстаўленай справаздачы за дзіцячую спартакіяду больш паловы рахункаў складаюцца з выдаткаў, патрачаных на высокаякасныя віны і гарэлку, дорага каштуючыя папяросы і таму падобныя рэчы “дзіцячага” ўжытку. Кватэра былога кіраўніка спраў Камітэта Гінбурга ператворана ў сапраўдны прытон для куцяжоў і разврату”.

“Советская Белоруссия” ў 1987 годзе паведамляе аб сканчэньні суду над вінаватымі ў аварыі на ЧАЭС: “Больш за тры тыдні працягвалася судовае разьбіральніцтва. Былі заслуханы дзесяткі сьведкаў і пацярпелых, прааналізаваны сьледчыя матэрыялы, вынікі працы ўрадавай камісіі, заключэньні экспэртаў і спэцыялістаў. Усё гэта дазволіла яшчэ раз пераканацца ў сапраўдных прычынах аварыі, аднавіць праўдзівую карціну таго, што адбылося, канчаткова даказаць віну падсудных. {Адным з асноўных віноўнікаў аварыі прызнаны былы дырэктар станцыі В.Бруханаў}”.

“Имя” ў 1997 годзе друкуе заяву групы беларускіх журналістаў: “26 ліпеня за рэпартаж аб сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы былі затрыманы загадчык беларускім бюро ОРТ Павал Шарамет, апэратар ОРТ Дзьмітрый Завадзкі і тэхнічны супрацоўнік ОРТ Яраслаў Аўчыньнікаў. Ім інкрымінуецца нелегальны пераход мяжы. Ужо некалькі дзён прадстаўнікі ОРТ утрымліваюцца ў адзіночных камэрах. Сваякі, блізкія і калегі ня маюць зьвестак аб стане іх здароўя... Мяркуючы па дзеяньнях сілавых структур, рыхтуецца судовая расправа над журналістамі”.