Суд перанёс разгляд справы арганізатараў канцэрту беларускамоўных бардаў

Радыё Свабода, Гомля Сёньня гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці перанёс разгляд адміністрацыйных справаў супраць дэмакратычных актывістаў Ларысы Шчыраковай і Зьміцера Жалезьнічэнкі, абвінавачаных абласной інспэкцыяй падаткаў і збораў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, на 9 жніўня.
Судзьдзя Вікторыя Лапута, якая разглядае справу, вырашыла выклікаць на судовае паседжаньне аўтараў заяваў у падатковую інспэкцыю - Пётра Вялева, Станіслава Лапыку й Антона Яначкіна, пазначаных ў адміністрацыйным пратаколе як студэнты дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

Студэнты сьцьвярджалі, што пры ўваходзе ў прыватны дом, дзе ладзіўся канцэрт беларускамоўных бардаў, была выстаўлена скрыня для грошай, і яны нібыта кінулі ў яе па 5 тысяч рублёў. На падставе заяваў інспэкцыя й зрабіла выснову, што арганізатары бардаўскага канцэрту “займаліся незаконнай прадпрыймальніцкай дзейнасьцю”.

Паказаньні суду дасьць і дырэктар Дому культуры Уладзімер Крышталёў, які выдаў арганізатарам канцэрту квіткі, а пасьля нечакана адмовіўся прадаставіць залю, спаслаўшыся на забарону гарадзкіх уладаў.

Як лічыць Зьміцер Жалезьнічэнка, судовая справа супраць яго й Ларысы Шчыраковай узьнікла таму, што ў краіне пэўнымі структурамі забараняюцца канцэрты незалежнай музыкі, беларускамоўных бардаўскіх сьпеваў, рок-музыкі. У адных выпадках спасылаюцца на пажаранебясьпечнасьць заляў, дзе павінны адбыцца канцэрты такога кшталту, у іншых месцах - прыдумляюць што-небудзь яшчэ. Робіцца гэта дзеля таго, каб цалкам падавіць незалежную грамадзкую думку, праявы грамадзянскай супольнасьці.