“У Расеі забылі пра братэрства славянаў і ўмеюць лічыць толькі даляры”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
З пачатку гэтага году, пасьля таго, як Расея ўдвая падвысіла для Беларусі кошт свайго газу, беларускія даўгі “Газпрому” склалі каля паўмільярда даляраў.

На працягу мінулага тыдня беларускія чыноўнікі рознага ўзроўню вялі ў Маскве і Менску перамовы — каб зноў адтэрмінаваць выплаты і як маўга даўжэй не вяртаць даўгоў.

На тэму беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў — значная частка пошты “Свабоды”.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Алег Ліско зь Ліды.

“Расея за апошнія гады атлусьцела ад нафтадаляраў, гэтыя грошы яна ўжо ня ведае куды падзець. Расейскія мільярдэры шалеюць ад нечуваных прыбыткаў, скупляюць выспы, яхты, вілы на марскіх узьбярэжжах самых дарагіх рэгіёнаў сьвету…

І адначасова расейскі “Газпром” упарта намагаецца злупіць зь Беларусі няшчасныя 500 мільёнаў даляраў — доўг, які ўтварыўся пасьля нахабнага падвышэньня кошту на газ.

Вось чаго вартыя векавое сяброўства і франтавое братэрства. У сёньняшняй Расеі забылі пра братэрства славянаў, умеюць лічыць толькі даляры, а не пралітую на вайне кроў. Дык навошта нам такія сябры?

Лукашэнка праводзіць правільную палітыку. Газ у нас павінен каштаваць столькі ж, як у Расеі. Плацілі 55 даляраў — і будзем плаціць столькі ж, ні капейкі болей. І нічога яны з намі ня зробяць. Няхай лічаць даўгі, налічваюць пэню… Усё роўна гэтых грошай яны ніколі не дачакаюцца”.

Дык жа газавы вэнтыль перакрыюць, спадар Ліско, — гэтак, як рабілі ўжо на пачатку году, калі Беларусь наважылася дзейнічаць акурат паводле такіх рэкамэндацыяў, як выказваеце вы.

Вядома, Расея багатая, і сваім багацьцем новыя расейскія мільярдэры распараджаюцца часам вельмі своеасаблівым чынам. Але зайздрасьць да заможнага суседа — яшчэ не падстава для таго, каб патрабаваць ад яго дабрачыннасьці і змушаць працягваць утрыманства, якое і так доўжылася не адзін дзясятак гадоў.

Як і ўсім іншым краінам, Беларусі давядзецца плаціць за рэсурсы столькі, колькі яны рэальна каштуюць на рынку. І прадаваць уласныя тавары па рэальных рынкавых коштах. Крэўнае сваяцтва і франтавое братэрства ўключаць у бухгальтарскія разьлікі так, як гэта рабілася на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, у далейшым ужо наўрад ці ўдасца.

Аўтар наступнага ліста — Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач выказвае сваё стаўленьне да дзяржаўных мэдыяў:

“Доўга глядзець наша тэлебачаньне немагчыма: праз хвіліну ці дзьве даводзіцца выключаць тэлевізар. Суцэльная прапаганда ды ідэалягічнае прамываньне мазгоў. Як у савецкі час, калі рэчаіснасьць падавалася ў моцна прыхарошаным выглядзе. Бясконцыя ўслаўленьні рэжыму і ягоных дасягненьняў раздражняюць і злуюць.

Дзіўна, што ў наш час, на пачатку ХХІ стагодзьдзя, стала магчыма такое, калі адзін чалавек захапіў уладу ў краіне на нявызначана доўгі тэрмін. І прэса ніколі ня скажа ўголас, што кароль — голы. Яна аднагалосна падтрымлівае гаспадара. І ўжо больш за дзесяць гадоў мы пакутуем з прычыны ўласнага глупства і недальнабачнасьці.

Калісьці Хрушчоў абяцаў за дваццаць год пабудаваць камунізм. Адчуваю, што ня менш за дваццаць гадоў будзе заставацца пры ўладзе і Лукашэнка. Але камунізму мы не дачакаемся і ад яго. Як жылі ў галечы, так і будзем жыць”.

Цалкам залежная ад улады прэса і ня можа быць іншай, спадар Баранаў. Але ніхто ня здольны адабраць у чалавека права чытаць гэту газэту ці не чытаць, верыць ёй ці ня верыць, глядзець тэлевізар ці не глядзець…

А праўдзівую інфармацыю, нягледзячы на ўсе перашкоды, людзі ў Беларусі пры жаданьні ўсё ж могуць атрымліваць. Магчымасьцяў дзеля гэтага сёньня непараўнальна больш, чым было за жалезнай заслонай у Савецкім Саюзе — хоць рэжым Лукашэнкі (часта не без падставаў) і параўноўваюць з камуністычным рэжымам у СССР.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў нядаўна прыяжджаў у Менск. Сваімі ўражаньнямі ад аблічча сталіцы і нораваў яе насельнікаў слухач падзяліўся ў лісьце на “Свабоду”:

“Двор за крамай “Акіян”, што на перакрыжаваньні вуліцы Казлова і праспэкту. Лічы, самы цэнтар сталіцы — зусім побач плошча Перамогі. Між высокіх дрэў — вартае жалю падабенства дзіцячай пляцоўкі.

Я гуляю з унукамі, адначасова назіраючы, што адбываецца навокал. У адной зь пясочніц сядзяць... не, ня дзеці — двое мужчын. Паміж імі відаць бутэлька, нейкая закусь. Крыху далей — яшчэ адна кампанія: маладыя хлопец і дзяўчына; гэтыя нясьпешна п’юць піва, паляць. Неўзабаве двое мужчын падымаюцца і сыходзяць.

Падыходжу да пясочніцы, у ёй дзьве бутэлькі з-пад нейкага беспароднага пойла, якое жартаўнікі-вытворцы нахабна назвалі віном. Побач два пустыя пакеты з пад чыпсаў, некалькі недакуркаў. Хутка пясочніцу займае яшчэ адна кампанія.

Мэтраў за трыццаць ад пясочніцы — зь дзясятак кантэйнэраў для сьмецьця. Да кантэйнэраў падыходзіць бамжаватага выгляду мужчына, пачынае корпацца ў іх, выкідаючы непатрэбнае сабе пад ногі. Неўзабаве ён сыходзіць, а хвілін празь дзесяць ягонае месца займае такога ж выгляду жанчына. Сьмецьця вакол кантэйнэраў большае”.

На падставе ўбачанага слухач робіць наступныя высновы:

“Сталіца наша, ты ў гэтых недакурках выглядаеш, быццам Мона Ліза з цыгарэтай у вуснах!

Адкажыце мне, менчукі, хто так засьмечвае горад? Іншаплянэтнікі? Ці, можа, крыважэрныя імпэрыялісты прысылаюць мяхі зь недакуркамі ды іншым сьмецьцем, а апазыцыя начамі рассыпае іх па вуліцах і праспэктах?

Няўжо гэта робіце вы, менчукі? Тады не забывайцеся: гэта ня толькі ваша сталіца. Гэта і мая сталіца, сталіца маіх дзяцей, маіх унукаў. Усе гэтыя сталінскія ампіры і сучасныя мадэрны, шыкоўныя лядовыя палацы і пампэзныя нацыянальныя бібліятэкі вы маеце коштам занядбаньня маленькіх гарадоў ды мястэчкаў накшталт таго, у якім жыву я.

Вы маеце ўсё — мы нічога. У нас нават тратуары жабрацкія: яны зроблены з рэшткаў разабраных сянажных вежаў.

Зьвяртаюся да цябе, вэтэран, жыхар Менску. Магчыма, ты гніў у франтавым шпіталі побач з маім цяжкапараненым бацькам, выкалупваючы з-пад акрываўленых бінтоў тлустых белых чарвей. Магчыма, ты ваяваў разам з маім дзядзькам Федзем — адзіным маім родным дзядзькам, адзіным братам маёй нябожчыцы-маці, які зьнік бязь вестак у сорак пятым.

Ты не баяўся фашысцкіх “Тыграў” ды “Пантэр” — дык прымусь зьесьці недакурак вунь таго бамбізу, які кінуў гэты недакурак на тратуар. Надзень усе свае ўзнагароды, ды разам з аднапалчанамі выйдзі, ды падмяці кавалак таго тратуару на вачах усёй сталіцы — няхай той бамбіза ды такія, як ён, ад сораму згараць, калі ў іх яшчэ ёсьць хоць кропля сораму.

Зьвяртаюся да цябе, малады мой сябра маладафронтавец. Арганізуй са сваімі сябрамі акцыю “Чысты горад”. Прыбярыце свой двор, сваю вуліцу, свой галоўны праспэкт — хоць яго часьцінку. Можа, гледзячы на цябе, усе, хто засьмечвае тваю і маю сталіцу, задумаюцца”.

Праўдзівыя назіраньні й крыўдныя для многіх беларусаў, але справядлівыя высновы. У добраўпарадкаваньне Менску і падтрыманьне чысьціні сталічных вуліцаў апошнія гады ўкладаюцца вялізныя грошы. Гэта тыя бюджэтныя сродкі, якіх не хапае на пэнсіі, на ўтрыманьне шпіталяў і школаў.

Але любыя ўкладаньні ў гарадзкі камфорт і прыгажосьць аказваюцца марнымі, калі на другім канцы гэтага ланцужка — адсутнасьць побытавай культуры, хамаватасьць і разбэшчанасьць тых, хто жыве на гэтых вуліцах.

І ўшчуваньні ды ўгаворы тут не дапамогуць. У многіх узорна чыстых і дагледжаных гарадах сьвету (напрыклад, у Сынгапуры) за кінуты на тратуар недакурак штраф дасягае 500 даляраў. За гэтым пільна сочыць паліцыя.

У Менску за апошнія дзесяцігодзьдзі я шмат разоў быў сьведкам таго, як паставыя міліцыянты ляніва і абсалютна абыякава назіралі за п’янымі кампаніямі, якія сьмецяць і брыдкасловяць у грамадзкіх месцах. Выпадку, калі б каго-небудзь пакаралі за кінуты недакурак, не прыпомню.

Хоць адпаведны артыкул у Адміністрацыйным кодэксе ёсьць. Але актыўна прымяняюць яго чамусьці толькі тады, калі палююць перад грамадзкімі акцыямі на актывістаў апазыцыі. І ў якасьці сьмецьця, якое забруджвае гарадзкое асяродзьдзе, у міліцэйскіх пратаколах найчасьцей фігуруюць улёткі, знойдзеныя ў заплечніках маладафронтаўцаў.

На заканчэньне — кароткі ліст, які пакіну без камэнтара. Наш даўні сябар Юрась Навіцкі зь Менску нядаўна мяняў кіроўчае пасьведчаньне. І запатрабаваў, каб яго аформілі па-беларуску. Што з гэтага атрымалася?

“Выявілася, што выдаць мне, беларусу, пасьведчаньне на мове тытульнай нацыі, ды што там — на першай дзяржаўнай мове! — “нельзя”. Дарэчы, роднай мовы я ў ДАІ ўвогуле не пачуў: баяцца яны яе, як чорт ладана.

Ветліва пацікавіўся, які ж гэта дакумэнт дазваляе парушаць Асноўны закон — Канстытуцыю? Спаслаліся на пастанову Міністэрства ўнутраных справаў ад 15 чэрвеня мінулага году. Што гэта? Альбо сувораўскія нашчадкі абселі ня толькі Міністэрства абароны, але і МУС?

Давялося адмовіцца ад непрымальнага варыянту і зьвярнуцца да кіраўніка ДАІ, зь якім, да ягонага гонару, пашэнціла маланкава паразумецца наконт літары Закону. Праўда, каб атрымаць дакумэнт на роднай мове, давялося ахвяраваць яшчэ адным працоўным днём…

За свае ж грошы яшчэ і пацягайся! Калі ўжо гэтая бязглузьдзіца скончыцца? І ці пазбавяцца калі нашыя міністэрствы непісьменных дармаедаў?”

Дзякуй, спадар Навіцкі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by