"Не спраўляліся са сваімі абавязкамі, а, можа, заграблі зашмат грошай.."

Міхал Карневіч, Горадня Днямі Аляксандар Лукашэнка зьмяніў кіраўнікоў БелАЗу, “Белтрансгазу”, “Белнафтахіму” ды іншых прадпрыемстваў. Чым выкліканая масавая кадравая зьмена ў кіраўніцтве прадпрыемстваў? Наш карэспандэнт задаваў гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Горадні.
Спадарыня: “Хто ж іх ведае... Пэўна, не спраўляліся з абавязкамі, таму й зьмянілі. Бо калі чалавек выконвае патрабаваньні, то ён і добры кіраўнік”.

Спадар: “Слаба кіраўнікі прадпрыемстваў працуюць, вельмі слаба. Трэба больш увагі надаваць гаспадарчай працы, а меней недзе час бавіць. Вы зразумелі мяне?”

Карэспандэнт: “Не зусім”.

Спадар: “Трэба аддаваць усяго сябе працы, працаваць 24 гадзіны, а нават 26 гадзін у суткі. Вось тады будзе вынік. І тады кіраўнікі ад Саўчанкі да Лукашэнкі будуць бачыць, што чалавек на сваім месцы працуе і яго ня трэба замяняць”.

Спадар: “Дырэктараў зьмянілі, таму што ў сучаснай абстаноўцы яны ня справіліся са сваімі абавязкамі. Найперш пралічвалі атрымаць больш, а ў выніку — меней... Такіх кіраўнікоў трэба мяняць. Дырэктары сядзяць на сваіх месцах дзесяць-пятнаццаць гадоў, грабуць грошы й больш нічога ня робяць”.

Хлопец: “Хутчэй за ўсё, не спраўляліся са сваімі абавязкамі, а, можа, заграблі зашмат грошай... Вось і ўсё”.

Спадар: “Ведаеце, цяжка мне нешта сказаць на гэты конт...”

Спадар: “Ды гэта чарговая спроба паказаць народу, што ён працуе. Насамрэч, мазгі народу забівае, дый усё. Маўляў, я адзін усё умею, а вы ні на што няздатныя”.

Дзяўчына: “Можна меркаваць так: яны некага надта моцна раззлавалі”.

Спадар: “Гэта, хутчэй за ўсё, няўпэненасьць Лукашэнкі. Энэрганосьбіты падаражалі й трэба нешта рабіць. Пачынаецца нэрвовасьць, шукаюць вінаватых, і вось вынікі”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што кіраўнікі прадпрыемстваў павінны быць сапраўднымі прыстойнымі людзьмі, каб у іх было сумленьне, каб, урэшце, турбаваліся пра тых, хто зь імі побач. Яшчэ яны павінны адпавядаць такім пасадам”.

Спадарыня: “Ой, ня ведаю. Мне здаецца, што ў нас людзі ўсе імкнуцца нармальна працаваць, а вось чаму так раптам мяняюць столькіх кіраўнікоў, з чым гэта зьвязана, я ня ведаю”.