“Час, праведзены на рыбалцы, не залічваецца Богам”

Іна Студзінская, Менск Учора на Менскім моры прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па рыбалоўнаму спорту. Лавілі зь берага адной вудай з адным кручком, у два этапы па тры гадзіны. Пераможца вызначаўся па вазе ўлову. Больш за ўсіх пашанцавала менчуку Андрэю Клячку, які за 6 гадзінаў вылавіў 9 кіляграмаў рыбы. А самым буйным уловам стаў трохкіляграмовы падлешчык... Ці шмат рыбы засталося ў беларускіх вадаёмах? Як на іхтыяфаўну ўплываюць тэхнагенныя і прыродныя катастрофы, забруджваньне, браканьеры? Што прымушае чалавека гадзінамі сядзець і глядзець на паплавок?
У мінулым рэкі, азёры і балоцістыя багны Беларусі літаральна кішэлі рыбай. Як паказваюць археалягічныя знаходкі, тут спрадвеку вадзіліся асятры, сьцерлядзь, ліні, язі, вугры, ментузы, самы, шчупакі, акуні, ляшчы, судакі і шмат іншых...

Цяпер нават старажылы, якія жывуць на Нарачы і Браслаўскіх азёрах, Прыпяці і Дняпры, кажуць, што рыбы стала значна менш.

“Нармалёва ў нас з рыбай!”

Якія віды цяпер водзяцца ў Беларусі? Распавядае загадчык лябараторыі іхтыялёгіі Інстытута заалёгіі, кандыдат біялягічных навук Віктар Разеўскі:

“Усяго ў Беларусі 58 відаў рыб – гэта даволі шмат. У тым ліку, асятровыя (сьцерлядзь), ласасёвыя (сёмга, кумжа і стронга) і шмат іншых, то бок відавая разнастайнасьць прыстойная. У нас і зараз можна злавіць сьцерлядзь, але яна ў Чырвонай кнізе, таму трэба адпускаць. Сёмгу, кумжу таксама можна злавіць, але яны ў Чырвонай кнізе. А астатнія – лаві сабе на здароўе. Нармалёва ў нас з рыбай!”

Іншая справа, што запасы гэтых відаў рыб вельмі малыя, кажуць іхтыёлягі. І адзначаюць некалькі фактараў: удасканальваюцца рыбалоўныя снасьці, рыбу прыкормліваюць, таму шмат рыбы вылоўліваюць. Але, у той жа час, у вадаёмы запускаецца вялікая колькасьць малькоў. На колькасьць рыбы істотна ўплываюць і прыродныя катаклізмы. Да прыкладу, сёлета, з аднаго боку – з-за сьпёкі, з другога – з-за працяглых ліўняў рэзка зьнізіўся ўзровень кіслароду ў вадзе, шмат рыбы загінула ў Ясельдзе, Прыпяці.

“Калі ідзе забруджваньне, паступаюць біягены ў ваду... Чаму б там рыбе не вадзіцца?”

Але самая небясьпечная рэч – тэхнагенныя катастрофы і забруджваньне вадаёмаў чалавекам. Нядаўна з-за прарыву трубаправоду загінула амаль уся жыўнасьць ў рацэ Уле блізу Бешанковічаў. Як падлічылі ў Дзяржаўнай інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце, страты з-за забруджваньня рэк і вадаёмаў прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі амаль у 3 разы большыя, чым нанесеныя ўсімі выяўленымі браканьерамі, кажа намесьнік начальніка упраўленьня Ўладзімер Грайла:

“То з фэрмы прарве, гной, жыжа ў ваду ідзе, усё гіне. То менская станцыя “Рацыя” ў Шабанах у нас пад падазрэньнем пастаянна, Сьвіслач атручвае. Складана, канечне, гэта даказаць, але паспрабуем”.

Іхтыёляг Віктар Разеўскі разьвянчаў міт, што рыба возіцца толькі ў чыстай, празрыстай вадзе. Менавіта ў сажалках, дзе вада зялёнага колеру, дзе шмат чарвякоў ды іншай жыўнасьці, шмат рыбы:

“Калі ідзе забруджваньне, паступаюць біягены ў ваду, на арганіцы разьвіваецца зааплянктон, фітаплянктон, то бок тое, што рыбы ядуць. Чаму б там рыбе не вадзіцца? Асабліва рыбе, якая непераборлівая да кіслароду – сазан, карп, лінь, карась. Канечне, стронга, сёмга, кумжа там вадзіцца ня будзе, гэтай рыбе патрэбная чыстая вада. А карасі ды карпы запраста могуць быць. Купацца ў тых вадаёмах нельга, але рыбу злавіць можна”.

“Гэтыя стронгі – насамрэч на вагу золата”

Яшчэ адна праблема – браканьерства, сеткі, электравуды. Дарэчы, беларускае заканадаўства ў галіне аховы прыроды і захаваньня жывёльнага і расьліннага сьвету вельмі дасканалае, адзначаюць экспэрты.

Сёлета ў сакавіку пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйны кодэкс, штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў, новыя правілы паляваньня і рыбалоўства. Дзейнічаюць Указы прэзыдэнта №580 і 581 “Аб узмацненьні адказнасьці за парушэньне правіл рыбалоўства і паляваньня”. Так, за лоўлю рыбы сеткамі прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў. Намесьнік начальніка ўпраўленьня Дзяржінспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету Уладзімер Грайла кажа, што ніжняя мяжа штрафу магла быць і ніжэйшай:

“Бываюць выпадкі, што хтосьці жыве на рацэ, корміцца зь яе. Ягоны дзед і прадзед лавілі адной сетачкай альбо брэднем, у яго тры рублі заробак, есьці няма чаго. Мы яго караем – ня менш за 20 базавых велічыняў. А ён ніколі ў рукох не трымаў такую суму. Можна было б з улікам асобы, абставінаў і даць яму менш, але закон не дазваляе”.

Таму кіраўніцтва Дзяржінспэкцыі арыентуе і прыродаахоўнікаў, і міліцыю, каб выяўлялі найбольш дзёрзкіх парушальнікаў, для якіх рыбалка – гэта промысел, працягвае Ўладзімер Грайла:

“На Менскім моры быў арганізаваны ледзь не прамысловы лоў падпольны. Потым перапрадавалі рыбу праз індывідуальнага прадпрымальніка на рынку ў Ждановічах. Затрымалі іх. Потым яшчэ супрацоўнікі міліцыі затрымалі на рэчцы Вязынка рыбакоў, якія вылавілі 113 стронгаў. Рыба занесеная ў Чырвоную кнігу, а яны электравудой лавілі. Заведзеная крымінальная справа, штраф яны атрымалі салідны, можна было добрую машыну купіць. Гэтыя стронгі аказаліся насамрэч на вагу золата. Але так ім і трэба, такіх не шкада”.

“Каб паўдня сядзець і глядзець на паплавок – гэта нейкае трызьненьне!”

І ўсё ж такі: чым вабіць людзей рыбалка? Іхтылёляг Віктар Разеўскі, які ўсё жыцьцё прафэсійна займаецца рыбамі, рыбалку цярпець ня можа:

“Я не магу сядзець з вудай на вадаёме. Я такі... псыхічны. Каб паўдня сядзець і глядзець на паплавок – гэта нейкае трызьненьне!”

Лідэр рок-гурту “Крама” Ігар Варашкевіч сьцьвярджае:

“Гэта адпачынак. І нейкая ў гэтым ёсьць філязофія – сядзець і глядзець на паплавок. Час, правезены на рыбалцы, не залічваецца Богам. Таму калі будзеш днямі сядзець на рыбалцы, будзеш вечна жыць. Такі жарт мы самі сабе прыдумалі”.