Беларуская чыгунка не адмовіцца ад небясьпечных грузаў

Радыё Свабода Наступствы аварыі ў Львоўскай вобласьці, дзе 16 ліпеня сышлі з рэек і загарэліся 15 цыстэрнаў з атрутным жоўтым фосфарам, значна большыя, чым паведамлялі ў першыя дні. Колькасьць шпіталізаваных павялічылася да 164 чалавек, зь іх 34 дзеці. Прычыны аварыі расьсьледуюцца, але ўжо сёньня экспэрты зьвязваюць іх з савецкай спадчынай. Так, у горадзе Славянску Данецкай вобласьці на мясцовым содавым заводзе ад савецкага часу захоўваецца 600 тонаў жоўтага фосфару. Наколькі бясьпечная сытуацыя ў Беларусі ў гэтай сфэры?
З-за тэхнагеннай катастрофу ў небясьпечнай зоне апынуліся каля сотні населеных пунктаў у Львоўскай вобласьці.

Пра пагрозу іншым краінам, як запэўніваюць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Беларусі, пакуль гаворкі няма:

“У нас распрацаваныя мапы вятроў, перасоўваньня паветраных масаў, таму мы ўсё трымаем на кантролі. І таксама ідзе кругласуткава адбор пробаў: пробы паказваюць, што ніякіх зьменаў пакуль няма.

На выпадак, калі зьявяцца падазрэньні на сур’ёзнае пагаршэньне сытуацыі, мы трымаем пастаянную сувязь зь Міністэрствам надзвычайных сытуацыяў Украіны, з Гідрамэтам. І ўжо даказана, што самая вялікая небясьпека ўзьнікае непасрэдна падчас гарэньня, у першыя гадзіны ўтварэньня шкодных выкідаў”.

МНС: да экстрэмальных сытуацыяў гатовыя

Тэарэтычна ад тэхнагенных катастрофаў не застрахаваная ніводная краіна, якая мае выгаду са свайго геаграфічнага становішча.

Практычна штогоду ў Беларусі здараюцца аварыі на чыгунцы, але дагэтуль найбольш цяжкія наступствы былі ад разьліву нафтапрадуктаў.

Прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі кажа, што яшчэ ніколі такія здарэньні не былі клясыфікаваныя як экалягічнае бедзтва. Дый службы ратаваньня гатовыя да экстрэмальных сытуацыяў:

“У нашай краіне адказнасьць за тое, што адбываецца на аб’екце ці дзе заўгодна, нясе ўласьнік. То бок, сочыць за станам пажарнай небясьпекі ці любой іншай. У кватэры за гэта адказвае гаспадар. Калі гэта чыгунка, то, адпаведна, адказвае менавіта кіраўніцтва Беларускай чыгункі. То бок, клясыфікаваная адказнасьць уласьніка за стан любой бясьпекі.

Канечне, мы прыедзем і будзем аказваць дапамогу, калі гэта патрэбна. Але сфэра адказнасьці ў дадзеным выпадку — на Беларускай чыгунцы. Зразумела, што ліквідаваць наступствы будзем мы, гэта бясспрэчна.

У іх ёсьць свае падразьдзяленьні, але яны не асабліва, як я разумею, да такіх рэчаў гатовыя. Па факце будзем адказваць, а што тычыцца мераў ды іншага — адназначна зь Беларускай чыгункай зьвязвайцеся”.

Белчыгунка: камэрцыйныя перавозкі ня спыняцца

У рэвізійным упраўленьні Беларускай чыгункі патлумачылі: камбінаваныя перавозкі з удзелам іншых відаў транспарту ў Беларусі ажыцьцяўляюцца на 247 камэрцыйных станцыях і 56 грузавых, якія забясьпечаныя неабходнымі сродкамі бясьпекі.

Пры тым, што ў ведамстве пацьвердзілі факт працы з асабліва небясьпечнымі транзытнымі грузамі, аднак адмовіліся сказаць, якія канкрэтна рэчывы ўяўляюць найбольшую пагрозу.

Як удакладніў прадстаўнік Беларускай чыгункі Андрэй Баравы, калі дзесьці разьліецца бэнзін, то гэта ня значыць, што трэба спыніць транзыт усялякага паліва:

“Перавозкі небясьпечных грузаў ёсьць, а вось якіх канкрэтна — гэта інфармацыя, у прынцыпе, не для шырокага карыстаньня. Заўтра дзесьці бэнзін разьліецца, дык што тады — і перавозкі паліва забараніць? Гэта ж глупства поўнае.

У нас ёсьць дакладная каньюнктура тавару, меры бясьпекі ўсе прынятыя і выконваюцца. Але ж цалкам усё забараняць з-за гэтага выпадку? Гэта ж таксама несур’ёзна. Гэта ня выйсьцез сытуацыі, натуральна”.

Транзытныя перавозкі — аснова экспарту транспартных паслугаў Беларускай чыгункі. Асноўныя аб’ёмы экспарту грузаў празь Беларусь складаюцца коштам прадуктаў нафтаперапрацоўкі, хімічных і мінэральных угнаеньняў, будаўнічых і лясных грузаў, чорных мэталаў, вугалю і коксу.

Асноўнымі прамежкавымі станцыямі на шляху грузавых саставаў зьяўляюцца Менск, Гомель, Горадня, Берасьце, Баранавічы, Ворша ды іншыя гарады.

Як паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Украіны, за апошнія дваццаць гадоў цыстэрны, у якіх перавозілі фосфар па Ўкраіне, сталі зусім непрыдатнымі для эксплюатацыі. Амаль усе ёмістасьці, прыпісаныя да грузавых дэпо Казахстану, амаль трыццацігадовыя, 1978 году выпуску, і іх гарантыйны тэрмін даўно закончыўся.


• Ці дойдзе фосфарнае воблака з Украіны да Беларусі? , 18.07.2007