Людміла Аляксеева: праваабаронцы запатрабаваныя ва ўсіх краінах

Радыё Свабода Сёньня кіраўніцы Маскоўскай Хельсынскай групы Людміле Аляксеевай спаўняецца 80 гадоў. З гэтай нагоды яна дала інтэрвію Радыё Свабода.
Радыё Свабода: Што зьмянілася з 1993 году, калі вы вярнуліся ў Расею?

Аляксеева: Калі рабіць пунктам адліку канец ХХ стагодзьдзя, то ў нас цяпер значна больш цяжкія часы, таму што ідзе наступ ня толькі на праваабарончую супольнасьць, але і на канстытуцыйны правы нашых грамадзянаў, якія мы абараняем. Правы гэтыя звузіліся, сетка гэтая звузілася, некаторыя арганізацыі пад націскам зьверху спынілі сваё існаваньне або зьменшылі сваю актыўнасьць.

Я застаюся аптымісткай. Я веру – мы прарвёмся. Гэта ўсё адновіцца, і расейская праваабарончая супольнасьць, і расейская грамадзянская супольнасьць стануць упоравень паводле сваіх магчымасьцяў з расейскай бюракратыяй. Таму што толькі тады, калі мы паводле сілаў зраўняемся, наша бюракратыя, нарэшце, пачне паважаць і датрымліваць нашы канстытуцыйныя правы. Я не разьлічваю на тое, што мы даможамся гэтага ў бліжэйшыя год-два, але за бліжэйшыя 10-15 гадоў, веру, даможамся.

Радыё Свабода: Ці верыце вы, што праваабарончы рух у Расеі цяпер гэтак сама запатрабаваны, як і 30 гадоў таму?

Аляксеева: Праваабарончы рух і паслугі праваабаронцаў заўсёды і ва ўсіх краінах запатрабаваныя, таму што няма на сьвеце і ня можа быць краіны, дзе цалкам датрымліваюцца правы чалавека, і дзе дзяржава на іх не замахваецца. Але чым больш агрэсіўная ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і да сваіх грамадзянаў улада, тым больш запатрабаваныя паслугі праваабаронцаў. У нашай дзяржаве мы вельмі і вельмі патрэбныя.



Людміла Аляксеева ўдзельнічае ў праваабарончым руху з 60-х гадоў. У канцы 70-х была вымушаная эміграваць у ЗША, але ў 1993 годзе вярнулася ў Расею. Цяпер уваходзіць у склад некалькіх камісіяў правоў чалавека – пры прэзыдэнце Расеі, пры мэры Масквы, і зьяўляецца сустаршынёй “Усерасейскага Грамадзянскага кангрэсу”.