Археолягі дакапаліся да Менску 12 стагодзьдзя

Алесь Дашчынскі, Менск У Менску вядуцца раскопкі толькі ў адным месцы – на вуліцы Кірыла і Мятода. Менавіта тут з 1624 года знаходзіўся гаспадарчы двор кляштара бэрнардынцаў.
Двор па вуліцы Кірыла і Мятода, 8. Тут раней былі кляштарныя канюшні і бровар. Археолягі раскапалі пакуль траціну ад усёй плошчы. Потым яны пяройдуць непасрэдна на тэрыторыю кляштару, па вуліцы Кірыла і Мятода, 6. Археоляг Юры Каласоўскі кажа:

“У выніку гэтых раскопаў нам, відаць, удалося знайсьці той будынак, зь якога і пачынаецца кляштар. Захавалася частка падлогі гэтай пабудовы. Захаваўся падмурак печкі, які адносіцца да 17 стагодзьдзя”.

На гэтай тэрыторыі ўлады хочуць пабудаваць культурна-забаўляльны цэнтар. І пакуль ня пройдуць археолягі, гэтая будоўля не пачнецца. Археоляг Юры Каласоўкі працягвае:

“Другое цікавае збудаваньне намі знойдзена – гэта рэшткі драўлянай пабудовы 12-13 стагодзьдзя. Ёсьць надзея, што ў выніку раскопаў пабудову ўдасца поўнасьцю ўскрыць”.

Знаходкі тут ад 12 стагодзьдзя да вайны 1812 года. У часе вайны тут месьціліся склады францускай арміі. Тут знайшлі фрагмэнт касьцянога грэбню, бронзавыя гузікі і кераміку. А таксама бутэлькі, люлькі, у тым ліку і турэцкія. Соліды, сярод іх срэбныя, Вялікага княства Літоўскага. Фрагмэнт францускай кукарды і ад’ютанцкіх аксэльбантаў.

Падчас нашай размовы студэнт Аляксей прынёс новую знаходку.

Карэспандэнт: “Што вам прынесьлі зараз?”

Каласоўскі: “Гузік 17-га стагодзьдзя. Бронзавы, унутры пусты”.

Карэспандэнт: “А што вы яшчэ знайшлі цікавага?”

Аляксей: “Манэткі, крыжы, падвескі, плёмбачкі”.

Карэспандэнт: “А што за крыжы былі – каталіцкія ці праваслаўныя?”

Аляксей: “Не, паганскія”.

Студэнт гістфаку БДУ Ўладзімер Лічко кажа, што беларускамоўныя студэнты будуць працаваць яшчэ пару тыдняў. Гутару зь ім.

Лічко: “Я знайшоў кафлю пачатку 17 стагодзьдзя з выявай жаночай сукенкі. Даволі рэдкая, прыгожая і не пабітая”.

Карэспандэнт: “Чым адметныя гэтыя раскопы?”

Лічко: “Гэта гістарычны цэнтар Менску. І шкада вельмі, што тут паўстане нейкі гатэль і як звычайна гістарычны цэнтар Менску будзе перабудаваны. І зусім несумяшчальныя рэчы будуць тут пабудаваны... Прымусова нас сюды прывялі, але, вядома, нам цікава”.

Карэспандэнт: “Чаму прымусова?”

Лічко: “Кожны студэнт адпрацоўвае практыку. Ніякай дапамогі тут няма – ня кормяць, грошай не даюць, вядома ж. Бясплатна і шэсьць гадзін на дзень”.


У двары па вуліцы Кірыла і Мятода, 8


Такія ж фундамэнты ёсьць ў падмурку агароджы Куцеінскага кляштару ў Оршы. Гэта сярэдзіна 17 стагодзьдзя. Такія зводы рабіліся дзеля эканоміі цэглы. Сама ж пабудова была драўлянай.


Археоляг Юры Каласоўскі


Гэта выкладзены зь вялікіх камянёў на вапне фундамэнт канюшні кляштару


У Менску глебу трэба перабіраць рукамі


Аляксей працуе з мэталашукальнікам, які належыць аднаму з аматараў


Да старажытнага бровару наўрад ці ўдасца дакапацца. На яго месцы цяпер стаіць будынак другой паловы 19 стагодзьдзя.