У інстытуце гісторыі АН сьвяткавалі юбілей Георгія Штыхава

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук з 80-годзьдзем павіншавалі выдатнага археоляга, доктара гістарычных навук, прафэсара, ляўрэата дзяржаўнай прэміі БССР Георгія Штыхава.
Навукоўцы называлі спадара Штыхава клясыкам і патрыярхам беларускай археалёгіі. Амаль за 48 гадоў навуковай дзейнасьці Георгі Штыхаў апублікаваў звыш 400 навуковых прац, сярод якіх 9 манаграфій. Ім падрыхтавана каля 20 падручнікаў для сярэдняй школы.

Георгі Штыхаў раскапаў 300 курганаў у 29 населеных пунктах Беларусі, праводзіў дасьледаваньні ў васьмі беларускіх гарадах. Ён даказаў, што Полацкая зямля, Полацкае княства сфармавалася ў 9-12 стагодзьдзях як асобная дзяржава.

У інтэрвію “Свабодзе” Георгі Штыхаў сказаў:

“Я кажу, што дзяржаўнасьць, зараз ёсьць для гэтага ўсе падставы гаварыць, бярэ свой выток менавіта з Полацкай зямлі і з тых палачанаў, пра якіх ёсьць у летапісе і якіх я знайшоў у курганах. Нашай дзяржаўнасьці больш за тысячу гадоў. Я з задавальненьнем хачу адзначыць, што наша выснова пра старажытную дзяржаўнасьць беларускую ёсьць у прэамбуле нашай канстытуцыі.

Ну і, канечне, каб больш увагі было паходжаньню беларускай мовы. Гэта ж дзяржаўная мова была ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта ж наш гонар. А неяк у нас яшчэ беларускай мове не прыдаецца ўвагі. Няма разуменьня важнасьці”.


Георгі Штыхаў атрымаў ганаровую грамату Прэзыдыюму Акадэміі навук


Дачка навукоўца Жана падарыла бацьку памятную манэту Нацыянальнага банку “Глеб Менскі”


Георгі Штыхаў марыць выдаць асобнай кнігай свае дасьледаваньні на рацэ Менка і па Лукомлі. Ён кажа, што Полацку не саступаюць у старажытнасьці Віцебск і Лукомль.