Беларускае мастацтва за мяжой

Тацяна Поклад, Вільня (pokladt@yahoo.co.uk) Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа” (эфір 10 ліпеня).
Нядаўна створаны ў Нью-Ёрку Беларускі музэй мае на мэце прапагандаваць і падтрымліваць сучаснае беларускае мастацтва, дапамагаць беларускім мастакам. Адзін з арганізатараў Беларускага музэя ў Нью-Ёрку Алесь Вінакураў распавядае, што падобным чынам, з грамадзкай ініцыятывы і прыватных ахвяраваньняў, пачыналіся вядомыя музэі ЗША.

«Напрыклад, “Metropolitan Museum of Art”, шмат іншых – недзяржаўныя музэі. Зьявілася задума, прыватныя асобы ахвяравалі грошы, зьбіралі працы... Ёсьць добры прыклад – Украінскі музэй у Нью-Ёрку. У іх выдатны будынак, добрыя экспазыцыі. Украінскі музэй стаўся ўжо часткай амэрыканскага культурнага грамадзкага жыцьця, культурнай спадчыны Нью-Ёрку. І я маю такую мару – зрабіць Беларускі музэй такога ўзроўню. Гэта магчыма, беларускае мастацтва мае чым ганарыцца, толькі што тут яно амаль невядомае».
А.Вінакураў: «Тут мы маем вельмі добрыя прыклады таго, што можа грамадзкая ініцыятыва зрабіць для прафэсійнага мастацтва».
Алесь Вінакураў распавёў, што Беларускі музэй у Нью-Ёрку – некамэрцыйная структура, адкрыўся ён і дзейнічае пакуль на прыватныя ахвяраваньні, плянуе зьвяртацца па дапамогу да фондаў, а пакуль мае дапамогу найбольш ад рады Катэдральнага сабора сьв. Кірылы Тураўскага, якая выдзеліла памяшканьне пад музэй і спрыяе ў арганізацыйных пытаньнях. Алесь сказаў і пра значнасьць падтрымкі Беларускага музэю Зянонам Пазьняком.

Спачатку былі беларускія выставы ў іншых памяшканьнях, а сёлета да Дню Волі была прымеркаваная першая выстава беларускага сучаснага мастацтва ўжо ў новым Беларускім музэі.



На першай выставе Беларускага музэя былі працы Ўладзімера Сулкоўскага, Ягора Батальёнка, Генадзья Драздова, Міхаіла Карпука, Алеся Шатэрніка, Юліі Шатэрнік. Усяго было прадстаўлена 34 працы беларускіх мастакоў розных узростаў і розных стыляў – ад рэалізму й імпрэсіянізму да абстракцыі і кубізму.
А.Вінакураў: «Прапановаў шмат, плянуем рабіць выставы паводле магчымасьцяў і зьбіраць фонд карцінаў для сталай экспазыцыі».
Вінакураў: «Пакуль у нас толькі адна заля, там адбываюцца выставы, а пад гэтай заляй ёсьць яшчэ такога ж прыкладна памеру памяшканьне. Мы рэмантуем яго цяпер – ужо залітая бэтонам падлога, цяпер ставім сьцены. Калі закончым – там будзе сталая экспазыцыя, для яе ўжо маецца каля 20 працаў, якія мастакі перадалі для Беларускага музэю».



Цяпер у Беларускім музэі ў Нью-Ёрку – пэрсанальная выстава працаў вядомага беларускага мастака Міколы Купавы.

Выстава «Постаці зямлі Беларускай» адкрылася 3 чэрвеня і распачала ў ЗША імпрэзы да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Арганізатары называюць яе першай сапраўднай выставай музэю паводле ўзроўню арганізацыі: урачыстае адкрыцьцё з удзелам вядомых беларусаў і шырокай грамады, удзел самога мастака. Мікола Купава ў Амэрыку прыехаў упершыню. Я пагаварыла зь ім, калі ён быў у Нью-Ёрку:

«Адкрыцьцё і сама выстава – усё было ўдала. Я сюды вёз такую выставу – беларускую, – тут я не вагаўся. Выстава да юбілею Коласа і Купалы, але я дадаў і іншыя творы. «Постаці зямлі Беларускай» – там ёсьць і Эўфрасіньня Полацкая, і Кірыла Тураўскі, і Ўсяслаў Чарадзей, і Вітаўт Вялікі... каб было прыгожа і маштабна. Людзі, якія сабраліся на выставу, – а гэта было чалавек 60, напэўна, можа і больш, – яны выставу прынялі. Публіка была вельмі задаволеная, пыталіся, я расказваў.
М.Купава: «Мастакі заўсёды расстаюцца з творамі – як бацькі зь дзецьмі, – прыходзіць час, і яны некуды адлятаюць».
Самае прыемнае – гэта сустрэча і зь вядомымі людзьмі беларускай супольнасьці Амэрыкі, і з маладымі, незнаёмымі. Тут ёсьць зусім юныя беларусы, якія мне дапамагалі і рабіць каталёг, і плякаты, і вешаць працы... Вось такія сустрэчы – самае прыемнае. І адкрыцьцё выставы – гэта, вядома, самае цікавае, самае запамінальнае, таму што прыйшлі людзі, пра якіх я чуў, але ніколі не бачыў, і гэта вось такая рамантыка ажыцьцявілася».

Мікола Купава кажа, што цягам свайго творчага жыцьця меў выставаў 70-80, – дакладна ён іх ня лічыў. У Беларусі ў год, кажа мастак, бывае па 3-4 выставы. Зь іх недзе 15 – пэрсанальных, у тым ліку за мяжой, але ў Амэрыцы гэтая пэрсанальная выстава – першая.


М.Купава і В.Кіпель ў часе адкрыцьця выставы «Постаці зямлі Беларускай» у Беларускім музэі ў Нью-Ёрку

Купава: «Вітаўт Кіпель сказаў на адкрыцьці выставы, што калі беларусы набылі памяшканьне для царквы, у 1950-60-х гадох, тут рабілі выставы знакамітыя эмігранцкія мастакі. І вось толькі цяпер гэта аднавілася. Думаю, што гэта будзе пасьпяхова разьвівацца, што вельмі патрэбна тут і для беларускага грамадзтва ў Амэрыцы, таму што яго трэба трошкі актывізаваць і кансалідаваць, гэта вельмі важна».
А.Антонаў: «Віртуальныя экспазыцыі не заменяць «жывую выставу», жывы кантакт з людзьмі».
А на іншым кантынэнце, у суседняй Літве адбылася яшчэ адна беларуская мастацкая выстава, якая сталася падзеяй у віленскім культурным жыцьці. Фотавыставу Андрэя Антонава ў Вільні наведнікі называюць сапраўды ўдалым дэбютам у «рэальнай прасторы»: раней яго творы можна было пабачыць толькі ў інтэрнэце. Андрэй Антонаў, вядомы дасюль больш як літаратар і паэт, кажа што фотамастацтва для яго цяпер найбольш актуальнае.



Андрэй Антонаў вучыўся ў Маскве і ў Вільні, дзе і жыве апошнія 15 гадоў. Ён гадаваўся ў беларуска-армянскай сям''і, жыў у Магілёве, – беларуская правінцыя і так аддзеленая пэўнай мяжой ад сталіцы, а цяпер і іншыя межы аддзяляюць творцу ад Менску. Сучаснае беларускае мастацтва, мастацтва мэтраполіі, усё-ткі прадстаўляе Менск, але ёсьць творцы, якіх ад Менску аддзяляюць ня толькі і ня столькі «фізычныя» межы. Мяжа палягае і ў эстэтычнай прасторы, заўважае Андрэй. Калі я распытвала яго пра межы і пра эміграцыю, гаворка перайшла да беларускасьці, да каранёў.



А.Антонаў: «Думаю, для мастака асаблівага значэньня ня мае яго этнічнае паходжаньне. Але, з іншага боку, гэты культурны бэкграўнд, на якім ты рос, непазьбежна ўплывае. І бяз гэтага спэцыфічнага досьведу, бяз гэтага культурнага бэкграўнду нічога ня будзе.

Поклад: “А вы адчуваеце сябе беларусам?”

Антонаў: “Ну, так”.

Поклад: “Таму, што, вы – паэт, літаратар, які піша па-беларуску?”

Антонаў: “Не, гэта – меней за ўсё. Гэтая частка дзейнасьці для мяне цяпер найменей актуальная. Не, справа ня ў слове, ня ў мове. Тут іншае – напрыклад, спэцыфічнае афармленьне беларускіх гарадоў, беластоцкая «Ніва» зь цьмянымі рэпрадукцыямі Лёніка Тарасэвіча, той жа абсалютна дзіўнаваты музэй Вялікай Айчыннай вайны ў Менску з карцінамі Савіцкага... Усё роўна тое, што бачыў у дзяцінстве, непазьбежна ўплывае”.

Поклад: “Вось гэта ўсё разам робіць творцу беларускім?”

Антонаў: “Гэта карані. Ёсьць гэтыя карані, вытокі, і зь імі не змагаюцца”.

А.Антонаў распавёў таксама, што шмат фатаграфаваў у падлеткавым узросьце, – былі конкурсы, мэдаль ВДНХ, – а пасьля больш за дзесяць гадоў зусім не фатаграфаваў, – так склалася. Два гады таму нарадзілася дачка Юля, і яна адыграла значную ролю ў вяртаньні Андэрэя Антонава да фотамастацтва – пра гэта я пачула ў часе адкрыцьця выставы ў Вільні.



Арганізаваць выставу за мяжой лягчэй, чым у Беларусі?

Пасьля першай выставы Андрэя Антонава, што адкрылася 1 ліпеня ў віленскай галерэі “Галера” на Зарэччы, неўзабаве будзе выстава ў іншым літоўскім горадзе, Шырвінтасе. Адносна выставаў у Беларусі мастака задумаў, плянаў, як выглядае, няма.

Антонаў: «У Беларусі ж бяда з выставачнымі плошчамі. Калі толькі ў Вільні галерэяў 70 дакладна ёсьць, і паказаць свае працы, калі яны вартыя таго і калі ёсьць жаданьне, няма вялікай праблемы, то ў Беларусі на фатаграфіі спэцыялізуецца фактычна адна галерэя «Нова». Так і атрымліваецца, што каб у Беларусі паказаць свае працы, трэба выходзіць на нейкі іншы ўзровень стасункаў з вузкім колам куратараў, з галерэйшчыкамі, – можа я і патрапіў бы пад іх густ, але ня вельмі хочацца нават і займацца такімі рэчамі».

Эміграцыя беларускага мастацтва?

Беларускія мастацкія творы ня толькі выстаўляюцца за мяжой – працы, якія ствараюць беларускія мастакі і на Бацькаўшчыне, і ў замежжы, бадай, ці не ў найбольшай сваёй частцы і застаюцца за мяжой. Магчыма, да эміграцыі зь Беларусі дадаецца яшчэ і эміграцыя беларускага мастацтва?

Антонаў: «Ня думаю, што нейкі «зыход» адбываецца. “Біенале” Вэнэцыянскае, ня ведаю, як сёлета, але ў 2005 годзе прадэманстравала, што беларускае выяўленчае мастацтва мае што паказаць. Іншая справа, што ў Беларусі адсутнічае жывая галерэйная дзейнасьць. Проста гэта адсутнасьць публічнага жыцьця, – прынамсі, такога, што ёсьць за мяжой, у тым ліку і для беларускага мастацтва».

А.Вінакураў: «Эміграцыя беларускага мастацтва? Можа, гэта не эміграцыя, а інтэграцыя ў сусьветнае мастацтва. Беларускае мастацтва наогул не інтэграванае ў глябальнае мастацтва. Я ня думаю, што адбываецца эміграцыя, я спадзяюся, што адбываецца адкрыцьцё для ўсяго сьвету беларускага мастацтва».

Беларускае мастацтва ў Нью-Ёрку

Алесь Вінакураў, адзін з арганізатараў Беларускага музэя ў Нью-Ёрку, таксама паведаміў, што пэрсанальную выставу Міколы Купавы там можна будзе пабачыць яшчэ цягам месяцу, недзе да пачатку жніўня, далей плянуецца выстава Ўладзімера Новака, пазьней, магчыма, – Яўгена Шатохіна і Генадзя Драздова.
А.Вінакураў: «Мы запрашаем зьвяртацца да нас беларускіх мастакоў, якія хацелі б паказаць свае працы ў Нью-Ёрку».
«Беларускі музэй ў Нью-Ёрку зьбірае свой фонд працаў для сталай экспазыцыі, каля 20 працаў мастакі зь Беларусі ўжо перадалі ў Музэй. Музэю перадалі свае працы А.Марачкін, Я.Шатохін, А.Шатэрнік, шмат іншых. Мы заклікаем тых мастакоў, хто можа, адну-дзьве працы ахвяраваць Музэю. Мы імкнемся да таго, каб мець магчымасьць працы ў мастакоў для сталай экспазыцыі Музэю выкупаць, але цяпер мы толькі пачынаем і пакуль што ня маем такой магчымасьці. Вядома ж, мы не імкнемся абабраць беларускіх мастакоў, але ж такая магчымасьць – экспанаваць свае працы тут, у Нью-Ёрку, і ў інтарэсах мастакоў. Справа гэта такая, што сапраўды ўсім будзе на карысьць, калі будуць творы ў Музэі, тады будзе лягчэй і мастакам, і нам, арганізатарам».

Алесь Вінакураў паведаміў, што зь Беларускім музэем у Нью-Ёрку мастакі могуць скантактавацца самі – на сайце музэя http://belmuseum.org ёсьць адрасы, тэлефон, ёсьць фармуляр, які можна запоўніць і даслаць, і ўсім абавязкова адкажуць. Можна скантактавацца і празь менскіх мастакоў – Алеся Шатэрніка, Генадзя Драздова, Міколу Купаву. Таксама можна тэлефанаваць у Нью-Ёрк на нумар 001 646-234-9240 альбо даслаць ліст на адрас belarusmuseum@gmail.com.

Маладыя беларускія мастакі ў Нью-Ёрку 06.06.2006