Гарадзеншчына: імша па ахвярах фашызму ў Навумавічах

Міхал Карневіч, Горадня Больш за 200 вернікаў з Горадні й навакольных вёсак маліся сёньня каля крыжа ля вёскі Навумавічы, дзе ў 1943 годзе 13-15 ліпеня немцамі былі расстраляныя больш за 50 мірных жыхароў. Імшу адпраўляў гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч.
Сьвятая імша аб загіблых праводзіцца штогод. На месцы расстрэлу мірных жыхароў у 1990 годзе быў усталяваны каталіцкі крыж.

І сёньня біскуп Кашкевіч узгадваў імёны й прозьвішчы ахвяраў. Некаторыя зь іх ляжаць там цэлымі сем’ямі.

У 1943 годзе немцы правялі карную акцыю зь мірнымі жыхарамі навакольных вёсак за забітага партызанамі паліцая. Было расстраляна звыш 50 чалавек з Горадні, Дамброўкі, мястэчка Ліпск і Рыгалаўкі (два апошнія населеныя пункты зараз знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы). Сярод расстраляных было і 6 каталіцкіх сьвятароў.

Мар’яна Бярнацкая, жыхарка Ліпска, запрапанавала нямецкаму афіцэру, каб яе расстралялі замест нявесткі, якая ў той час была цяжарная. Афіцэр згадзіўся, і яна загінула разам з сынам, а нявестка засталася.

Аб гэтым сёньня таксама ўзгадвалі падчас імшы. 8 год таму, 13 ліпеня 1999 году, Мар’яна Бярнацкая была бэатыфікаваная ў Варшаве Янам Паўлам ІІ.