Начная аБЛОГа 12 ліпеня

Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту
На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць зварот работнікаў Менскага шарыка-падшыпнікавага заводу да Адміністрацыі прэзыдэнта. У звароце кіраўніцтва заводу вінаваціцца ў непрафэсіяналізме і адзначаецца занепакоенасьць фінансавым станам прадпрыемства. Камэнтары:

“Падаецца, што палову работнікаў можна звольніць бяз стратаў для вытворчасьці”;

“А за каго галасавалі гэтыя пралетары?”;

“Прадукцыя гэтага заводу ўжо нікому не патрэбная, бо кітайская лепшая па якасьці”;

“Электарат хвалюецца! Цар добры, ён папросту ня ведае”.

Уніяцкі сьвятар, які піша на сайце блогаў “Жывы Журнал” пад нікам palaszuk, паведамляе ў сваім дзёньніку пра просьбу сваіх прыхаджанаў зладзіць служба па царкоўнаславянску:

“Вельмі людзі прасілі, вельмі ім захацелася памаліцца так як іхнія дзяды маліліся. Аніводнае душы ў парафіі няма, хто славяншчыну разумее. Усё па–ангельску ад году гэтак 1955–га, толькі часам “Ойча наш”, ці “Міласьць міру...” з акцэнтам хор прасьпявае – больш анічога. Добра, сказаў, зробім, але трэба будзе з хорам парэпэтаваць. Сёньня прайшлі праз увесь тэкст. Напрыканцы – "многалецьці". Я вазьмі і прасьпявай: “Многая і благая лета Імпэратару нашаму Францу Іосіфу”. Ніводзін не зразумеў, што нешта тут не тое. Абсурд гэтыя лаціны і славяншчыны”.

Выкладчык аднаго зь менскіх ВНУ, які вядзе ў сеціве дзёньнік пад нікам apostraff, дзеліцца ўражаньнямі ад сёлетняй уступнай кампаніі: “Яе завуць Натальля М. Яна прыехала з Маларыты разам з маці. Паступаць на філфак (...) Асьцярожна пытаюся пра “ну і што потым”. Маці з дачкой насьцярожана ўсьміхаюцца, але бачна, што пляны “на потым” доўгатэрміновыя, і “гэтую сталіцу” яны проста так не аддадуць… Але спрабуюць толькі адзінкі. Бо ТАМ сякое-такое жыльлё, нейкія грошы, ледзь не замужжа і амаль што прыстойныя пасады пэдагогаў-арганізатараў ці нават намесьнікаў дырэктара. “І ўжо нават ловіць МТС!”. А ТУТ трэба зноў шукаць працу, кватэру, прапіску і гэтак далей – гэта значыць зноў вяртацца на сем год назад і, як яны сьмяюцца, “станавіцца ў чаргу на ЖЫЦЬЦЁ”. Да верасьня час яшчэ ёсьць. Калі ж не атрымаецца, тады і сапраўды ня лёс. І ў Маларыце людзі жывуць”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.