Якія радкі Янкі Купалы памятаюць менчукі?

Радыё Свабода 7 ліпеня — 125 гадоў з дня нараджэньня Янкі Купалы. З нагоды юбілею ў Менску й на радзіме паэта ў Вязынцы адбудуцца ўрачыстасьці. Якія радкі з твораў Купалы вы можаце згадаць? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.
Слухаць:



Юначка: “Не, я так адразу не згадаю. Але назвы твораў магу назваць. Я ведаю, ёсьць палеская лірыка — “Лётчык”, “Алеся”. Таксама “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Бандароўна”, “Тутэйшыя”. Больш ня ведаю”.

Спадар: “У прынцыпе, ведаю: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”.

Юнак: “Праўду кажучы, я заўсёды блытаў яго з Коласам. Можа што і згадаў бы, але раптам гэта будзе Колас. І так сорамна, а то яшчэ горш будзе”.

Спадарыня: “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы”. Я больш памятаю, як гэта “Песьняры” сьпявалі”.

Спадар: “Не, вы ведаеце, гэтак адразу й раптоўна не магу. Каб пераключыцца, то, канечне ж, згадаў бы. Я добра стаўлюся, з задавальненьнем чытаю і ўнукам прапаноўваю. Я вельмі хачу, каб яны ведалі нашую нацыянальную літаратурную спадчыну. Бо гэта вельмі важна”.

Спадарыня: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”. А больш ня памятаю ўвогуле”.

Спадар: “Натуральна, памятаю. Гэта ж клясыка: “Бандароўна”, “Тутэйшыя”, “Курган”. “Паміж пустак, балот беларускай зямлі, на ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай, дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, зьдзірванелы курган векавечны”.

Карэспандэнтка: “Якія радкі з твораў Купалы вы можаце згадаць?”

Юначка: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына, паміж сваіх і чужакоў яна нам ласкай матчынай, аб ёй мне баюць казкі-сны, вясеньнія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены”. Усё.”

Юнак: “Вольны вецер напеў вольных песень табе, бор зялёны ўзьняў дружным гоманам, сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе...”. І штосьці яшчэ там”.

Юначка: “А “Малітва” — гэта Купалы? “Я буду маліцца і сэрцам і думамі, расьпятаю буду маліцца душой... За родны народ Беларусі”.

Юнак: “Творы паэтычныя і празаічныя падабаюцца мне. Ён сапраўдны беларус, сапраўдны дзеяч беларускага адраджэньня, мовы, літаратуры. Гэта яму належыць вокліч “Жыве Беларусь”.