“Стасункі ЗША і Расеі не павінны стаць закладнікамі перадвыбарчай кампаніі”

Юры Дракахруст, Прага 1-2 ліпеня ў доме бацькоў амэрыканскага прэзыдэнта ў Кенэбанкпорце, штат Мэн, адбывалася сустрэча кіраўнікоў Злучаных Штатаў і Расеі Джорджа Буша і Ўладзіміра Пуціна.
Уладзімір Пуцін – першы лідэр замежнай дзяржавы, які быў запрошаны Джорджам Бушам у дом яго бацькоў. Джордж Буш-старэйшы сустрэў расейскага госьця ў аэрапорце гораду Портсмуту. Адтуль на гелікоптэры яны накіраваліся на мыс Уокерс-пойнт, у сядзібу бацькі цяперашняга прэзыдэнта.

Непадалёк ад сядзібы адбылася маніфэстацыя, дзе прыкладна тысяча дэманстрантаў пратэставала супраць палітыкі Расеі ў Чачні і Злучаных Штатаў у Іраку. Яны патрабавалі ад кангрэсмэнаў абвясьціць Джорджу Бушу імпічмэнт за вайну ў Іраку.

Размова вялася “канкрэтна і з гумарам”

У Кенэбанкпорце Пуцін сустрэўся са сваім амэрыканскім калегам, учора яны каталіся па моры на кацеры, потым павячэралі. Паведамляецца, што на вячэру былі стравы, традыцыйныя для штату Мэн – амары і марынаваная рыба-меч.

Асноўныя перамовы адбываліся ў панядзелак. Аднак, паводле міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова,

“Абмяркоўвалася жыцьцё, як разьвіваецца сытуацыя ў Злучаных Штатах, у Расеі, як эвалюцыянуюць дэмакратычныя сыстэмы дзьвюх краінаў. Абодва прэзыдэнты выдатна разумеюць, што любое разьвіцьцё падзеяў не павінна прывесьці да таго, каб адносіны Масквы і Вашынгтону сталі закладнікамі палітычнай сытуацыі, якая зьвязаная зь перадвыбарчай кампаніяй”.

Паводле Лаўрова, гэтыя тэмы абмяркоўваліся “канкрэтна і з гумарам”.

Перад пачаткам перамоваў Джордж Буш выказаў салідарнасьць з новым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Горданам Браўнам, якому ў першыя ж дні кіраваньня давялося змагацца з тэрарыстычнай пагрозай.

Галоўныя разыходжаньні: супрацьпаветраная абарона, Косава і Іран

Сустрэча Буша з Пуціным адбылася на фоне рэзкага ахалоджаньня амэрыкана-расейскіх адносінаў, уласна, запрашэньнем расейскага лідэра ў дом свайго бацькі амэрыканскі прэзыдэнт спрабаваў зламаць палітычны лёд у адносінах паміж Вашынгтонам і Масквой. Аднак яшчэ напярэдадні саміту ў Кенэбанкпорце афіцыйныя прадстаўнікі папярэджвалі, што ад яго ня варта чакаць прарываў.

Можна вызначыць тры галоўныя міжнародныя сюжэты, паводле якіх падыходы Злучаных Штатаў і Расеі сутыкаліся найбольш жорстка: гэта разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе, Косава і Іран.

Масква лічыць, што сыстэма супрацьпаветранай абароны будзе дзейнічаць супраць яе, Пуцін прыгразіў перанакіраваць расейскія ядзерныя ракеты на эўрапейскія краіны. Разам з тым, на апошнім саміце “Вялікай вайсьмёркі” ў Нямеччыне ён прапанаваў разьмясьціць элемэнты амэрыканскай супрацьпаветраная абароны ў Азэрбайджане, на базе Габалінскай радыёлякацыйнай станцыі, якую арэндуе Расея.

Што тычыцца Косава, то Злучаныя Штаты выступаюць за наданьне незалежнасьці гэтаму краю, які юрыдычна зьяўляецца часткай Сэрбіі. Масква выступае за тое, каб статус краю вызначаўся шляхам перамоваў паміж касаварамі і Бялградам.

Нарэшце, Вашынтон лічыць, што на Тэгеран трэба рабіць моцны ціск, каб прымусіць яго адмовіцца ад плянаў стварэньня ядзернай зброі. Расея, хаця і спыніла пабудову ядзернай станцыі ў іранскім Бушэры, ставіцца да плянаў Ірану больш лагодна.

Усе гэтыя вострыя тэмы, магчыма, абмяркоўваліся падчас сустрэчы ў Кенэбанкпорце. Са словаў расейскага міністра Лаўрова вынікае, што былі закранутыя і ўнутраныя праблемы, што таксама спараджае спрэчкі паміж бакамі, Злучаныя Штаты неаднойчы выказвалі заклапочанасьць згортваньнем дэмакратыі ў Расеі.

Саміт Расея – ЗША: ці могуць пацяплець стасункі? 29.06.2007 Чаму Расея выступае супраць пляну Ахцісаары? 12.06.2007 Буш падтрымлівае незалежнасьць Косава 11.06.2007