Берасьце: студэнты адстаялі спэцыяльнасьць “польская філялёгія”

Радыё Свабода Выпускнікі філялягічнага факультэту Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту дамагліся, каб у дыплёме аб заканчэньні навучальнай установы была запісаная спэцыяльнасьць, па якой яны вучыліся.
Усе пяць гадоў гэтыя студэнты вучыліся па спэцыяльнасьці “польская філялёгія і расейская мова і літаратура”. Аднак напярэдадні ўручэньня дыплёмаў кіраўніцтва ўнівэрсытэту паведаміла выпускнікам, што ў дакумэнце пра заканчэньне навучальнай установы будзе пазначана толькі спэцыяльнасьць “расейскай мова і літаратура”.

Выпускнікі не пагадзіліся з такой прапановай, бо пры паступленьні ва ўнівэрсытэт многія зь іх адмыслова абралі польскую мову, а некаторыя вучыліся паводле мэтавага накіраваньня на гэтую спэцыяльнасьць.

Пасьля кансультацыяў з юрыстамі, студэнты і іхныя бацькі здолелі дамагчыся, каб у дыплёме была запісаная менавіта тая спэцыяльнасьць, якую яны абралі.