Анонс падзеяў тыдня: 2 – 7 ліпеня

Міхал Стэльмак, Менск
Панядзелак, 2 ліпеня

У мястэчку Будслаў, што на Мядзельшчыне, пройдзе ўшанаваньне іконы Маці Божай Будслаўскай. Традыцыйна на яго зьбіраюцца тысячы каталіцкіх вернікаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

“Сёлета такой унікальнай зьявай зьяўляецца тое, што па рацэ Вяльлі зь Вільні будзе перапраўлены крыж з дрэва, якому 500 год, – расказаў нашаму радыё ксёндз Аляксандар Амяльчэня. – Урачыстасьці завершыць апоўдні 2 ліпеня ўрачыстая сьвятая імша. Мы чакаем сёлета каля 30 тысяч вернікаў”.

*** Аўторак, 3 ліпеня

У Менску заплянавана акцыя моладзевых актывістаў дэмакратычнага руху. Кіраўнік культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка:

“Трэцяга ліпеня беларусы адзначаюць дзень вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета дэмакратычныя сілы таксама настойваюць на ўласным удзеле ў гэтым сьвяце. І мы выкарыстаем гэты дзень дзеля прамоцыі мітынгу, канцэрту 27 ліпеня – на Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі. Мы будзем распаўсюджваць друкаваныя матэрыялы, зьвязаныя і з 3 ліпеня, і з 27 ліпеня, паштоўкі, а таксама дыскі “Песьні Свабоды-2” у парках, гайках, на цэнтральных плошчах гораду Менску”.

*** Серада, 4 ліпеня

Вызначацца асобы, якія падпішуць заяву ў Менгарвыканкам на правядзеньне 27 ліпеня ў Менску акцыяў, прысьвечаных Дню абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі.

Адказны сакратар управы Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“27 ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце, якая стала важным этапам у станаўленьні незалежнасьці новай беларускай дзяржавы. Таму што калі адбылося крушэньне путчу ў жніўні 1991 году, то першае рашэньне, якое прыняў Вярхоўны Савет БССР, гэта наданьне сілы канстытуцыйнага акту Дэклярацыі аб сувэрэнітэце”.

*** Чацьвер, 5 ліпеня

У Менску адбудзецца паседжаньне аргкамітэту для сьвяткаваньня Дня абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі й правядзеньня эўрапейскага маршу “За свабоду”.

Сябра аргкамітэту, каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка:

“Плянуецца, што ўвосень хутчэй за ўсё адбудзецца акцыя “Эўрапейскі марш”. Гэтая акцыя не плянуецца як акцыя апазыцыі і акцыя супраць улады. Мы ведаем, што Эўрапейскі Зьвяз падаў руку і беларускаму ўраду, і беларускаму народу. Ёсьць 12 прапановаў Эўрапейскага Зьвязу, якія дапамогуць залучыць фінансы і тэхналёгіі ў нашую краіну”.

*** Субота, 7 ліпеня

Спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня Янкі Купалы.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк:

“Купала ў адрозьненьне ад іншых вялікіх паэтаў выступіў адначасова як вялікі мастак і як адзін зь першых беларускіх палітыкаў. Ён адкрыў сьвету Беларусь як дзяржаву, беларускі народ адкрыў як народ, які імкнецца да сваёй самастойнасьці”.