“Калгасьнік жыве паводле прынцыпу “Скраў — прапіў”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
На працягу апошніх тыдняў у нашых перадачах часта гучала тэма прафсаюзаў. Дыскрымінацыя незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі стала прычынай таго, што ад 21 чэрвеня беларускія экспартэры пазбаўленыя прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Пра тое, што ўяўляюць сабой праўладныя, адзяржаўленыя прафсаюзы, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Юрай Шпак-Рыжкаў зь Менску:

“З нашымі прафсаюзамі я сутыкаўся ў сваім жыцьці толькі двойчы. У 1986 годзе, калі працаваў на Магілёўскім аўтазаводзе, здарыўся няшчасны выпадак — мне адарвала палец. Кіраўніцтва прадпрыемства выправіла мяне ў адпачынак, а вось заводзкі прафсаюз дапамагчы адмовіўся.

А ў 2006 годзе, калі працаваў у менскай краме “Надзея”, раптам даведаўся, што мяне без маёй згоды прынялі ў нейкі дзяржаўны прафсаюз. Кіраўнічка гэтага прафсаюзу — па сумяшчальніцтве адміністратарка крамы: якія ўжо тут правы працоўных. Спрабаваў даведацца ў яе, як жа хоць называецца гэты прафсаюз, але ня змог: яна таго папросту ня ведала.

А ўвогуле, дзяржаўны прафсаюз — сапраўдная кармушка для сваіх і прыкрыцьцё для несьвядомых. Яшчэ ў 2002 годзе мне, як магілёўскаму прадстаўніку Свабоднага прафсаюзу давялося пабываць у Страсбуры — разам з дэлегацыяй дзяржаўных прафсаюзаў. Памятаю, як раздражнёна яны да нас ставіліся. Аднаго разу нават пачуў, як шыпелі на мой адрас: “Мала мы вас душылі”.


Ён таксама паведаміў, што слухае Беларускую Свабоду больш як трыццаць гадоў, а нядаўна пачаў чытаць нашы матэрыялы ў інтэрнэце.

Прафсаюзы, якія паслухмяна выконваюць волю адміністрацыі прадпрыемства й не адважваюцца ёй пярэчыць, засталіся ў спадчыну ад савецкай сыстэмы. Там яны былі, калі памятаеце, “школай камунізму”. У іх можна было папрасіць пуцёўку ў летнік для дзіцяці альбо невялікую грашовую дапамогу.

Уявіць, каб савецкі прафсаюз арганізаваў страйк з патрабаваньнем падвышэньня заробку, было немагчыма. Гэтак жа неверагодна выглядаў бы страйк альбо акцыя пратэсту супраць кантрактнай сыстэмы, якія б наладзіў прафсаюз пад кіраўніцтвам спадара Козіка.

Магчыма, камусьці патрэбен і такі прафсаюз. Але няхай бы ён існаваў ва ўмовах справядлівай канкурэнцыі з тымі прафсаюзамі, якія не залежаць ад улады і наймальнікаў, якія абараняюць рабочых ад несправядлівасьці і перасьледу ўсімі магчымымі законнымі сродкамі — у тым ліку страйкамі і дэманстрацыямі.

Але такога суіснаваньня і суперніцтва ўлада ў Беларусі не дапускае.

Наш слухач Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну параўноўвае цяперашні дзяржаўны лад, які сфармаваўся ў Беларусі, з рабаўладальніцкім ладам у старажытным Рыме:

“Калгаснае сялянства, пазбаўленае ўласнай зямлі, ня лічыць сябе гаспадаром у калгасе. Калгасьнік жыве паводле прынцыпу “Скраў — прапіў”, “Скраў — спажыў”. Тым больш, што “чарка і шкварка” — гэта і афіцыйныя мэты дзяржаўнай палітыкі. І не выпадкова, бо споеным людам прасьцей кіраваць: ён марыць толькі пра пляшку.

Запрыгоненым аказаўся і гарадзкі люд — пры дапамозе кантрактнай сыстэмы. Калі хтосьці паводзіць сябе ня так, як трэба ўладзе, дык рызыкуе страціць працу, бо зь ім не падоўжаць дамовы.

Каб адцягнуць увагу запрыгоненага народу ад жыцьцёвых праблемаў, у краіне ў вялікай колькасьці будуюцца лядовыя палацы, дзе ролю глядыятараў павінны выконваць хакеісты.

На няўрымсьлівых прадпрымальнікаў ёсьць управа ў выглядзе санітарных, пажарных і падатковых інспэкцыяў. І прадпрымальнікі пад гэтым прэсам маўчаць як рыбы.

Так уладай дасягаецца цішыня і парадак — так званая “стабільнасьць”. Відавочна, гісторыя паўтараецца, але трэба памятаць, што Рым — загінуў. Разваліўся і “непарушны” Савецкі Саюз…”


Свабодны чалавек, які валодае ўласнасьцю і працуе на сябе, непазьбежна выйграе суперніцтва з парабкам, які працуе пад прымусам і не зацікаўлены ў выніках сваёй працы. З гэтага пачыналіся заняпад і распад усіх дэспатычных рэжымаў, якія ведала чалавецтва.

Старажытны Рым, вядома — прыклад надта даўні. Але ж ва ўсіх на памяці досьвед так званай сацыялістычнай дэмакратыі й плянавай эканомікі — узоры якіх спрабуе пераймаць цяперашняе беларускае кіраўніцтва. Нібы і не было краху няжыцьцяздольнай сацыялістычнай сыстэмы на пераломе 80—90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Наш слухач Віктар Кляноўскі жыве ў пасёлку Друя Браслаўскага раёну, на мяжы з Латвіяй. Мясцовыя жыхары часта параўноўваюць сваё жыцьцё з жыцьцём суседзяў у Эўразьвязе. У лісьце на “Свабоду” Віктар Кляноўскі піша:

“Нядаўна бачыў свайго знаёмага, які жыве ў Латвіі, у Даўгаўпілсе — ён прыяжджаў на сьвята да маці. Распавёў пра тое, што адтуль вельмі многія людзі выехалі на заробкі — хто ў Вялікую Брытанію, хто ў Ірляндыю. Дык кажа, што просты муляр на саліднай будоўлі зарабляе сто даляраў за дзень. Так вось, дарагія мае беларусы. Будзеце ведаць, за каго наступны раз галасаваць.

У нас жа на гэтым беразе Дзьвіны іншае жыцьцё і іншыя заробкі. Увогуле, мясьціны вельмі прыгожыя. Калісьці менавіта тут пралягаў старажытны гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. У дзяцінстве на рачным беразе мы часта знаходзілі старажытныя манэты.

Прывабіць бы сюды турыстаў з Паўночнай Эўропы. Тады і ў нашага пасёлку зьявілася б нейкая пэрспэктыва. Але пакуль што ў гэтай краіне ініцыятыву часьцей не заахвочваюць, а караюць”.


Сапраўды, спадар Кляноўскі, у суседнія зь Беларусьсю Латвію, Літву, Польшчу паток замежных турыстаў за апошнія паўтара дзясятка гадоў вырас шматразова. У выніку ўзьнікла шмат новых працоўных месцаў, палепшылася турыстычная інфраструктура, бюджэт атрымлівае дадатковы прыбытак.

У Беларусі з высокіх трыбунаў на працягу апошніх пятнаццаці гадоў таксама ўвесь час гучаць заклікі й дырэктывы разьвіваць уязны турызм. Але заходнія турысты беларускую тэрыторыю найчасьцей абмінаюць. Чаму?

Краіна адгароджаная ад Эўропы візавым рэжымам, а сэрвіс у ёй — фактычна на савецкім узроўні (асабліва ў правінцыі). Пры гэтым кошт гэтага ненавязьлівага беларускага сэрвісу часам перавышае кошт непараўнальна больш якасных паслугаў у суседніх Латвіі й Літве.

Галоўная ж прычына ў тым, што гэтай галіне патрэбныя ня заклікі й чыноўніцкія дырэктывы, а прыватная ініцыятыва. Няхай нават чыноўнікі ёй не дапамагаюць. Галоўнае, каб не перашкаджалі сваімі забаронамі й абмежаваньнямі.

Наш слухач Іван Снапко з Гомелю ў сваім лісьце разважае пра новыя эканамічныя ўмовы, у якіх апынулася Беларусь з пачатку 2007 году:

“Нешта я не заўважаю тых катастрафічных наступстваў, пра якія столькі гаварылі пасьля Новага году, калі Расея падняла цэны на газ і нафту. Так, кошты ў крамах пакрысе растуць, але яны расьлі й раней. А курс даляра — на адным месцы. І лядовыя палацы ў нас як будавалі, так і працягваюць будаваць.

Напэўна, наша апазыцыя, як заўсёды, усё перабольшыла, выдала жаданае за рэчаіснасьць.

Лукашэнка — разумны і дальнабачны палітык, ён пралічыў усе магчымыя наступствы і загадзя падрыхтаваўся да рынку.

Мы ж, напрыклад, даўно плацім за бэнзін больш, чым украінцы, — хоць яны ўжо каторы год купляюць нафту па рынкавых коштах і зусім не зьбіраліся ствараць саюзнай дзяржавы з Расеяй. І ўвогуле, у нас цэны амаль на ўсё вышэйшыя, чым ва Ўкраіне. Хоць, праўда, і заробкі ды пэнсіі таксама вышэйшыя. У цэнах мы ўвогуле арыентуемся на Эўразьвяз”.


Беларусь, спадар Снапко, пакуль што ўвогуле не плаціла за расейскі газ па новых коштах: на пачатку году ўрад дамовіўся з Масквой, што на працягу першага паўгодзьдзя парадак разьлікаў захаваецца ранейшы, а запазычанасьць тым часам будзе расьці.

Такім чынам, рэальныя наступствы новай эканамічнай сытуацыі для Беларусі яшчэ наперадзе. Тым больш, што мэханізм нацыянальнай эканомікі валодае пэўнай інэрцыяй, і зьмены ў ім не адбываюцца імгненна.

А ўвогуле, многія беларускія грамадзяне, у адрозьненьне ад вас, спадар Снапко, праявы новай эканамічнай сытуацыі добра адчулі на ўласнай кішэні. Гэта датычыць і заробкаў, і пэнсіяў, і льготаў...

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну без камэнтара.

Нам піша Юрась Навіцкі зь Менску:

“Якое цудоўнае наша сьвята Купальле. Яно старадаўняе, традыцыйнае, беларускае. Здаецца, яшчэ не было хрысьціянства, а яно ўжо існавала. Існуе і цяпер дзякуючы такім абаронцам Беларушчыны, як “Наша Ніва” і Беларуская Свабода. Я шчасьлівы быць вашым сучасьнікам”.

Дзякуй, спадар Навіцкі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by