Альгерд Невяроўскі, Менск Ці глядзелі вы ўчорашні сюжэт ў праграме першага каналу БТ “Панарама” і ці пераканаў ён вас? Ці верыце, што моладзевыя апазыцыйныя актывісты маглі мець інструкцыі па тэрарызьме? Гэтыя пытаньні наш карэспандэнт задаваў людзям на вуліцах Менску.
Дзяўчына: “Не, ня бачылі такога”.
Хлопец: “Ня бачыў”.
Карэспандэнт: “Чаму вы не глядзіце БТ? Ці давяраеце такой інфармацыі?”
Дзяўчына: “У нас цяпер сэсія, няма часу. Нам потым сябры раскажуць”.
Яе сяброўка: “А які канал паказвае, першы БТ? Не, мы такой інфармацыі не давяраем. Там многа няпраўды”.
Хлопец: “Я сам працую ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, і ведаю, што такую інфармацыю трэба для сябе тлумачыць зь іншага боку. Яны перакручваюць інфармацыю з карысьцю для сябе. Магчыма, нейкія факты і мелі месца, але прэзэнтаваныя яны перадузята”.
Спадар: “Не глядзеў, таму нічога не магу пракамэнтаваць”.
Пэнсіянэр: “Я не глядзеў і ня ведаю”.
Пэнсіянэрка: “Я была на дачы. БТ я часам гляджу. Я чула пра гэта. Дрэнна, што моладзь такое робіць”.
Карэспандэнт: “А вы верыце гэтай інфармацыі?”
Пэнсіянэрка: “Хто яго ведае... Калі гавораць, верыш. А на самай справе, як ёсьць, невядома”.
Спадар: “Я не глядзеў. Такой інфармацыі я давяраю, таму што сам непасрэдна працую на беларускім тэлебачаньні. Але БТ гляджу вельмі рэдка, бо там працую”.
Спадар: “Я зусім не гляджу БТ і такой інфармацыі наўрад ці давяраю. Гэта яны даюць лішнюю нагоду абвастрыць сытуацыю”.
Спадар: “Я ня бачыў сюжэту. Можа, гэта і ня так. Беларусь — мірная краіна, і ня кожны захоча ствараць нейкія тэрарыстычныя арганізацыі. Гэтага ня можа быць”.
Пэнсіянэр: “Гэтай праграмы я ня бачыў. Мне праграмы БТ наагул не падабаюцца. Асабліва ўсунулі рукі ў праграмы ОНТ. Адну нейкую лухту вярзуць, што нават дзецям і старым сорамна глядзець”.
Спадарыня: “Я не глядзела, я вельмі мала гляджу тэлебачаньне. Любую інфармацыю трэба прасейваць. І расейскія навіны, і беларускія. Кожны для сябе вырашае, верыць яму ці не”.
Пэнсіянэрка: “Я “Панараму” не гляджу!”