Пружаны: пікеты супраць скарачэньня працоўных месцаў

Радыё Свабода У раённым цэнтры Пружаны, што на Берасьцейшчыне, заплянаваны пікеты супраць масавых скарачэньняў працоўных на прадпрыемствах гораду.
З ініцыятывай правядзеньня такіх пікетаў выступаюць актывісты незарэгістраванага руху “За Свабоду”. Паводле аднаго зь іх, Аляксея Богуша, у сувязі зь пераходам газавых кацельняў на дровы каля 50 працаўнікоў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі раёну скарочана і іхныя сем''і застануцца бяз сродкаў да існаваньня.

Складаная сытуацыя з захаваньнем працоўных месцаў стварылася таксама на вялікіх прадпрыемствах Пружанаў – радыёзаводзе і малочна-кансэрвавым камбінаце.

Паводле Аляксея Богуша, людзей абурае, што замест мадэрнізацыі і ўкладаньня інвэстыцыяў у новыя вытворчасьці, што дазволіла б стварыць дадатковыя працоўныя месцы, улады ладзяць у Пружанах альбо “Дажынкі”, альбо будуюць лядовыя палацы коштам на некалькі мільярдаў рублёў. Акрамя таго, на ацяпленьне будынкаў высякаюцца вялікія тэрыторыі лесу ў запаведнай Белавескай пушчы.