Каму выгодна руйнаваньне Горадні?

Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні гісторыкі і архітэктары правялі дыскусію за круглым сталом на тэму “Каму выгодна руйнаваньне Горадні?” Яна была прысьвечана “крытычнай сытуацыі з захаваньнем гісторыка-культурнай унікальнасьці Старога гораду”. У дыскусіі ўдзельнічалі выкладчыкі Гарадзенскага унівэрсытэту, а вось прадстаўнікоў уладаў не было. На гэтую акалічнасьць зьвярнуў адзін зь лідэраў апазыцыі Аляксанадар Мілінкевіч, які таксама выказаўся наконт захаваньня архітэктурных помнікаў. Вёў дыскусію доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
Карэспандэнт: “Мне здалося, што не прагучала адказу на заяўленую тэму: каму выгодна руйнаваньне Горадні? Хтосьці можа адказаць? Уладзімер Хільмановіч — гісторык і журналіст”.

Хільмановіч: “Проста бальшавікі ня могуць, каб нечага не руйнаваць. Такая пара выпала, дайшла чарга да архітэктуры гарадзенскай…”

Жамойцін, архітэктар: “Для іх сайдынг — даражэйшы за старую бэльку, пабітую жучкамі. Яны гэтак не са злосьці, а ад глупства свайго”.

Карэспандэнт: “Я ўсё ж мушу зьвярнуцца да арганізатара, да доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука”.

Смалянчук: “Я асабіста спадзяюся, што на гэтае пытаньне лепей адказалі б Саўчанка з Антоненкам, кіраўнікі вобласьці і гораду (сьмех у зале). Канешне, ёсьць фінансавыя, матэрыяльныя моманты, і можна казаць пра пэўнае лабіраваньне, напрыклад, вытворцаў будаўнічых матэрыялаў, можна казаць таксама і пра пераразьмеркаваньне зямельнай маёмасьці ў цэнтры гораду. Можна казаць, але інфармацыі дакладнай мы ня маем. Ірына Кітурка хоча дадаць…”

Кітурка: “Я ня ведаю, каму выгодна разбурэньне Горадні, я ўвогуле думаю нават пра тое, што людзі, што яе разбураюць, можа й ня думаюць, што разбураюць яе, і выгодна гэта ці не выгодна, таму што яны проста, можа, неадукаваныя”.

Спадар: “Я паспрабую адказаць на пытаньне. Я жыву на гэтай вуліцы 17 верасьня, у нас на вуліцы жывуць простыя людзі. Будзе руйнавацца ўвесь раён Новы сьвет, гэта цэнтар, ціхі цэнтар. Гавораць, што існуе такі праект, і гэтым праектам спрабуюць зацікавіць нібыта некага ў Расеі. А ім кажуць: калі вы нам разбураеце ўсё пад нуль, мы прыяжджаем і будуем. Вось і ўсё. Таму нашыя ўлады цяпер ходзяць і спрабуюць угаварыць жыхароў”.

Лапеха, краязнаўца: “Так яны хочуць зруйнаваць, каб расейцы прыйшлі сюды і нешта пабудавалі. Пры нармальнай практыцы: ёсьць нерухомасьць, дзе жывуць людзі, прыяжджае інвэстар, за кошт інвэстара ідзе адсяленьне людзей, разбурэньне будынка. А так мы за гэтага інвэстара зь бюджэту павінны плаціць. Зразумела, каму выгоднае гэтае руйнаваньне: хто робіць так, што я за гэта плачу… А потым яны будуць казаць, што ўсё робіцца на конкурснай аснове, гэта проста сьмешна”.

Ігар Лапеха раскладае перад пачаткам дыскусіі плян гістарычнай забудовы, дзе пазначаны зьнішчаныя будынкі

• У Гародні прайшлі мастацкія акцыі ў абарону старога гораду , 11.06.2007