Фотарэпартаж: угодкі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі

Радыё Свабода Увечары 19 чэрвеня на малой радзіме пісьменьніка сабраліся літаратары, мастакі, барды і проста прыхільнікі ягонай творчасьці.
Да сядзібы-музэю, адбудаванай 3 гады таму паводле фатаздымкаў ды малюнкаў бацькоўскае хаты Васіля Быкава, зьехаліся людзі ці не з усёй Беларусі. Але бадай што самай пачэснай госьцяй была сястра пісьменьніка, Валянціна Ўладзімераўна Быкава, якая таксама жыве на Вушаччыне – у вёсцы Ваўчо.


Валянціна Быкава (у цэнтры) дзеліцца ўспамінамі пра брата

Дарэчы, менавіта спадарыня Валянціна давала парады, як расставіць мэблю ў музэйных пакоях, каб гэта было як пры жыцьці старэйшага брата, як раскласьці ягоныя асабістыя рэчы. Экспанаты зьбіралі ўсёй вёскай, а наглядчыцай музэю цяпер працуе ўдава малодшага брата Васіля Быкава, спадарыня Антаніна. Для ўсіх ахвотных Антаніна Быкава правяла экскурсію.


Антаніна Быкава, наглядчыца музэю

Зь вядомых на Беларусі асобаў ушанаваць памяць Васіля Быкава на ягоныя ўгодкі прыехалі Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей, Вінцук Вячорка, Павал Севярынец, Уладзімер Колас, а таксама літаратары Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, Вольга Іпатава, Ірына Жарнасек.


Аляксандар Мілінкевіч і Зінаіда Бандарэнка ў музэі Васіля Быкава

Тут жа, каля музэю, прайшла імправізаваная вечарына, на якой меў магчымасьць выступіць кожны, хто хацеў сказаць колькі слоў пра Васіля Быкава і ягоныя творы.


Вершы ў гонар памяці Васіля Быкава чытае народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка


Сьпявае бард Георгі Станкевіч, які прыехаў зь Бешанковічаў


Выступае паэт Сяргей Законьнікаў

Сёньня – дзень нараджэньня Васіля Быкава, 19.06.2007 Віцебск: Мірон пусьціў па рацэ сьцяг да ўгодкаў Васіля Быкава, 19.06.2007 Горадня: у музэі В.Быкава сустрэліся аматары ягонай творчасьці, 19.06.2007