“Вясковы гонар” ачысьцілі ад штампаў і апранулі ў старыя касьцюмы

Юлія Шарова, Менск 12 чэрвеня Беларуская опэра прэзэнтавала на сцэне Цэнтральнага дому афіцэраў чарговую прэм''еру – спэктакль паводле твору П''етра Масканьі «Вясковы гонар» (Cavalleria rusticana). Гэты твор ня быў прынцыпова новым – опэра фармальна захоўвалася ў рэпэртуары тэатру, але яе ня гралі ўжо дзесяць год.
“Вясковы гонар” – гісторыя каханьня й рэўнасьці. Дзеяньне адбываецца ў сыцылійскай вёсцы пры канцы XIX стагодзьдзя. Галоўны герой опэры, Турыду, да таго, як сысьці ў войска, быў закаханы ў прыгажуню Лёлю. Лёля яго не дачакалася й пабралася з заможным Альфана. Вярнуўшыся, Турыду паспрабаваў суцешыцца разам з маладой дзяўчынай Сантуццай. Аднак Лёля спакусіла яго. Цяпер пакінутая й збэшчаная Сантуцца спрабуе вярнуць каханага і ўсё апавядае мужу Лёлі, Альфана.

Драму “любоўнага чатырохкутніка” ў Беларускай опэры абіралі з прагматычных меркаваньняў – тэатар, які ўжо два сэзоны працуе ў няродных сьценах, ня можа разьлічваць на дарагія й вялікія пастаноўкі. Таму й спыніліся на даўно знаёмай, але крыху забытай аднаактавай опэры.

“Вясковы гонар” для нас карысны чаму? Бо, па-першае, патрабуе меншых выдаткаў, чым любая іншая пастаноўка, – разважае мастацкі кіраўнік тэатру Маргарыта Ізворска. – Па-другое, займае цалкам увесь калектыў. І, па-трэцяе, калі мы падбіраем нейкія творы, мы думаем, ці маем мы тую колькасьць выканаўцаў, якія могуць зазьзяць”.



Пастаноўку ажыцьцявілі толькі што запрошаны на пасаду галоўнага дырыгента заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна й швэдзкі рэжысэр з расейскімі каранямі й адукацыяй Аляксандар Нардштрэм. Віктар Пласкіна ў папярэднія гады дырыгаваў у Менску асобнымі спэктаклямі, таму крыху ведаў магчымасьці беларускай трупы. Аляксандар Нардштрэм летась паставіў тут “Джані Скікі” Пуччыні.

Салістка тэатру Ніна Шарубіна, адна з выканаўцаў партыі Сантуццы, кажа, што ёй падабаюцца новыя падыходы да працы. Яна лічыць іх эўрапейскімі:

“Матэрыял не мурыжыцца месяц, два, тры, калі ўжо папросту, прабачце, усім млосна ад музыкі. Усе сьпевакі прыйшлі да працы з дырыгентам з вывучаным матэрыялам. Нехта мае нейкія паралельна кантракты, нехта зьяжджае. Прыяжджае – уключаецца зноў у працоўны працэс. Заўсёды ёсьць нейкае сьвежае ўспрыняцьце партыі, і праца не зьнясільвае эмацыйна й фізычна”.

Рэжысэр Аляксандар Нардштрэм вырашыў не паддавацца модным у сучаснай опэрнай рэжысуры плыням. Пастаноўшчык кажа, што не хацеў перайначваць творы – мяняць сэксуальную арыентацыю галоўных герояў, альбо пераапранаць хор і мімічны ансамбаль у форму АМАПу. Ягоны “Вясковы гонар” цалкам клясычны, ненаватарскі.

“Гісторыі гэтыя таму й клясычныя, бо гэта вечныя гісторыі, – кажа Нордштрэм. – У гэтым сэнсе яны не наватарскія. Зьмяніўся час, зьмянілася мова тэатральная ў нейкім сэнсе. Але музыка й сам па сабе сюжэт – гэта ўжо цяпер нязьменнае. Гэта ёсьць. І нашая справа прачытаць слушна й сучасна, каб гэта дайшло сёньня”.

Дырыгент-пастаноўшчык Віктар Пласкіна лічыць, што над такім спэктаклем вельмі складана працаваць – опэра-гіт абрасла шматлікімі штампамі, ад якіх “Вясковы гонар” даводзіцца ачышчаць:

“Пра што гэтая опэра? Гэта опэра пра лёс. Кожны з нас мае лёс. Вось гэта опэра пра лёс, пра тое, як складваюцца ўзаемаадносіны адзін з адным, і колькі трэба пакутваць, каб неяк выразіць сябе. Таму гэтая опэра жывая, і яна будзе жыць вечна”.

• Новы дырыгент Беларускай опэры абяцае перамены, 18.05.2007 • Балет “Легенда пра Ўленшпігеля” сыгралі ў соты раз, 25.04.2007 • У Нацыянальнай опэры – прэм’ера “Кававай кантаты” Баха , 16.03.2007